Мінск 18:58

Польшча прапануе ўвесці на ўзроўні ЕС 30-працэнтную пошліну на імпарт угнаенняў з Беларусі і РФ

Калійныя ўгнаенні
Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

28 кастрычніка, Позірк. З просьбай падаць у Еўракамісію заяўку на ўвядзенне 30-працэнтнай мытнай пошліны на імпарт угнаенняў з Беларусі і Расіі Міністэрства дзяржмаёмасці Польшчы звярнулася да Міністэрства развіцця і тэхналогій. Апошняе “зрабіла дыпламатычныя дзеянні па гэтым пытанні”, паведамляе польскае выданне money.pl.

Медыя прывяло афіцыйныя статыстычныя даныя, згодна з якімі за сем месяцаў 2024 года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тыс. тон угнаенняў. За той жа перыяд 2023 года краіна набыла 13,4 тыс. т беларускіх угнаенняў. Такім чынам за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. З Расіі Польшча імпартавала 721,5 тыс. т угнаенняў (рост у 2,9 раза; 246,7 тыс. т).

Пры гэтым чыстая страта польскага вытворцы ўгнаенняў Grupa Azoty у першым паўгоддзі гэтага года склала 748 млн злотых (каля 187 млн долараў).

Згаданая кампанія звярнула ўвагу на тое, што “ўгнаенні з Расіі і Беларусі вырабляюцца са значна меншымі выдаткамі на газ і не абкладаюцца ніякімі імпартнымі пошлінамі ў выніку дзеяння сістэмы ETS, якая функцыянуе ў ЕС”.

“Узрослы імпарт з Расіі і Беларусі азначае, што Еўрасаюз становіцца па-сапраўднаму залежным ад угнаенняў з гэтых напрамкаў. Мы ўжо назіраем, што цэны на імпартаваныя ўгнаенні наўмысна заніжаюцца, каб істотна аслабіць рынак і, як следства, пазіцыі вытворцаў ЕС”, — канстатаваў вытворца, дадаўшы, што расійскія і беларускія вытворцы ў той жа час інвесціруюць у свае заводы і мадэрнізуюць тэхналогіі вытворчасці угнаенняў.

Усё гэта, мяркуе кампанія, можа мець наступствы для харчовай бяспекі Еўрасаюза.

7 кастрычніка паведамлялася, што Беларусь па выніках першага паўгоддзя знаходзіцца на трэцім месцы паводле аб’ёму паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расіі і Германіі, але апярэджваючы Літву, Алжыр, Венгрыю, Нідэрланды, Казахстан і Нігерыю.

Беларускія камбінаваныя ўгнаенні ў студзені — чэрвені 2024 года занялі шостую пазіцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расіі, Фінляндыі, Нідэрландам і Літве, але апярэдзіўшы Нарвегію.

Што да калійных угнаенняў, іх найбуйнейшымі пастаўшчыкамі на польскі рынак у першым паўгоддзі сталі Германія, Расія, Канада, Вялікабрытанія, Кітай, Іспанія, Іарданія і Ізраіль. Адсутнасць Беларусі ў гэтым спісе, мяркуючы з усяго, звязаная з дзейнымі еўрапейскімі санкцыямі.

У цэлым доля беларускіх мінеральных угнаенняў на польскім рынку ў першым паўгоддзі 2024 года склала 6,9%, гэта чацвёрты паказчык пасля Расіі (29,2%), Германіі (20,8%) і Літвы (7,6%). За Беларуссю ідуць Марока (4,9%) і Нідэрланды (4,1%).

Тады адзначалася, што польскія прадстаўнікі галіны ўгнаенняў папярэджваюць, што далейшае павелічэнне імпарту ўгнаенняў з Расіі і Беларусі можа прывесці да выцяснення айчынных вытворцаў з рынку і паўтарэння г. зв. “ірландскага варыянту”, пры якім пасля ліквідацыі ўласнай вытворчасці адбыўся значны рост коштаў на ўгнаенні.

Агенцтва Bloomberg 25 кастрычніка паведаміла, што шэраг краін Еўрапейскага саюза прапануе ўвесці новыя пошліны на ўвоз сельгаспрадукцыі з Расіі і Беларусі.

Адзначалася, што некалькі дзяржаў ЕС, “якія імкнуцца абмежаваць даходы Масквы”, заклікаюць “увесці маштабныя пошліны на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і рыбы з Расіі і Беларусі ў дадатак да ўсталяваных больш высокіх пошлін на збожжавыя прадукты”.

“Паводле слоў людзей, знаёмых са зместам перагавораў, удар можа закрануць і вытворцаў угнаенняў”, — гаварылася ў публікацыі.

На пачатку сакавіка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра намер ініцыяваць увядзенне “поўных санкцый” на ўвоз у Еўрасаюз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з Беларусі і Расіі.

18 красавіка Еўрапейскі савет ухваліў пошліны на ўвоз у ЕС беларускіх і расійскіх збожжавых, алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі, уключаючы пшаніцу, кукурузу і сланечнікавы шрот. Орган заклікаў Савет ЕС і Еўракамісію працягнуць работу па ўвядзенні дадатковых пошлін.

Падзяліцца: