Мінск 20:21

Заблакаваны сайт культурніцкага праекту “Тузін Гітоў”

Крыніца: "Тузін Гітоў"

28 кастрычніка, Позірк. На загад Міністэрства інфармацыі заблакаваны сайт культурніцкага праекту “Тузін Гітоў” (Tuzinfm.by), паведаміў яго стваральнік Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Паводле яго слоў, праект мае 21-гадовую гісторыю, “каштоўны архіў” сайта за 2003–2020 гады захаваны.

Будкін удакладніў, што цяпер заблакаваная праца асобных старонак “Тузіна Гітоў”, у тым ліку праектаў “НЕрасстраляныя”, “Перазагрузка”, “Апошні золак”, “Заспявай BY”, “Тэлебудка”, “Тузін.Немаўля”, “Re:Песняры”, “100 найвялікшых беларускіх песень”, а таксама праектаў, прысвечаных памяці вядомых беларусаў Анатоля Сыса, Сяржука Вітушкі, Міхала Анемпадыстава і інш.

“Што не дарабіла [міністр інфармацыі ў 2014–2017 гадах Лілія] Ананіч, дарабіў [цяперашні кіраўнік ведамства Марат] Маркаў. Спробы спыніць працу “Тузіна” рабіліся і раней — дзевяць год таму за подпісам <…> Ананіч я атрымаў папярэджанне, што доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны “за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам” (якія былі парушэнні — не паведамлялася)”, — адзначыў ён. 

Цяпер жа, паводле яго слоў, “чыноўнікі нават не парупіліся даслаць паперку”, а проста “далі загад хосцерам заблакаваць”.

Будкін падкрэсліў, што галерэя праектаў “Тузіна” даступная на старонцы tuzin.online.

“Тузін Гітоў” — найстарэйшы беларускі музычны партал, які быў заснаваны 12 кастрычніка 2003 года. Як інфармацыйны сайт праіснаваў да канца 2020-га. Працягвае працу ў якасці арт-мэнэджарскай ініцыятывы.

Будкін з кастрычніка 2020 года ўзначальвае Беларускую Раду культуры, якая дзейнічае ў эміграцыі. Ініцыятыва займаецца падтрымкай дзеячаў культуры.

Падзяліцца: