Мінск 20:19

Лукашэнка выказаў падзяку губернатару Сахалінскай вобласці РФ за ўнёсак у будаўніцтва БелАЭС

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

28 кастрычніка, Позірк. “Спецыяльны ліст аб выказанай падзяцы” ўручыў Аляксандр Лукашэнка 28 кастрычніка на сустрэчы ў Мінску губернатару Сахалінскай вобласці Расіі Валерыю Лімарэнку.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, падзяка выказаная за “высокі прафесіяналізм, значны ўнёсак у рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па збудаванні Беларускай атамнай электрастанцыі”.

Паводле слоў Лукашэнкі, Лімарэнка ў якасці кіраўніка ніжагародскай інжынірынгавай кампаніі “Атамэнергапраект” (падраздзяленне дзяржкарпарацыі “Расатам”) “курыраваў работы па падрыхтоўцы да збудавання першага энергаблока Беларускай атамнай станцыі”.

“Станцыя атрымалася добрая. Працуе без праблем. Таму мы сёння ўжо думаем пра тое, што нам рабіць з другой атамнай станцыяй: будаваць яе, не будаваць. Я думаю, за электрычнасцю будучыня, асабліва за атамнай энергіяй. Таму мы сур’ёзна задумаліся над будаўніцтвам другой атамнай станцыі. Я яшчэ раз дзякую вам за той унёсак, які вы зрабілі ў будаўніцтва гэтага стратэгічнага інвестыцыйнага праекта ў Беларусі”, — сказаў Лукашэнка.

Падчас сустрэчы, як паведамляецца, ён назваў Сахалінскую вобласць “вялікім, вельмі цікавым і родным расійскім рэгіёнам для Беларусі”. Разам з тым Лукашэнка адзначыў, што “ў цэлым унёсак далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку знешняга гандлю Беларусі і Расіі меншы за працэнт, або 350 млн долараў”, гэта “аб’ёмы каласальныя”, але “з улікам існых магчымасцей гэтага мала”.

Адзначаецца, што суразмоўцы абмеркавалі супрацу ў галіне імпартазамяшчэння, інавацый і экалагічнага транспарта, транспартнай лагістыкі і харчавання.

У структурах “Расатама” Лімарэнка працаваў у 2007–2018 гадах.

4 жніўня міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч (12 жніўня быў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі) у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што, абмяркоўваючы пытанне будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі, неабходна апераваць лічбамі аб’ёму спажывання не 2030–2035 гадоў, а 2040-га.

Электрычная энергія “ніколі не перашкодзіць, лішку яе ў краіне не будзе ніколі”, заявіў Лукашэнка 2 ліпеня на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Дзмітрыем Крутым і амбасадарам Беларусі ў РФ Аляксандрам Рагожнікам, разважаючы пра будаўніцтва другой атамнай станцыі.

Паводле яго слоў, электрычнасць неабходная не толькі для прамысловасці або бытавых патрэб: “Мы будуем дамы на электрычным абаграванні. І электрамабілі, за якія мы сур’ёзна ўзяліся. У нас не проста напрацоўкі — вытворчасць добрая, асабліва аўтобусаў, тралейбусаў. Пащсюль патрэбная электрычнасць. Таму трэба глядзець наперад”.

30 красавіка падчас наведвання Касцюковіцкага раёна (Магілёўская вобласць) Лукашэнка прызнаўся, што ім “паступова авалодвае думка пра магчымасць будаўніцтва яшчэ адной станцыі” ў Беларусі, “але над гэтым пытаннем яшчэ думаюць, рашэнне пакуль не прынятае”.

“Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудаваная БелАЭС, была вызначаная Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?” — падзяліўся разважаннямі Лукашэнка.

Збудаваць два дадатковыя энергаблокі на БелАЭС, паводле яго слоў, было б танней, але з улікам ужо наяўнай атамнай станцыі на захадзе краіны Лукашэнка схіляецца да таго, што “павінна яна быць і на ўсходзе”.

Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі.

Збудаванне Беларускай АЭС пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

На другім энергаблоку АЭС прайшоў першы планава-папераджальны рамонт, 14 кастрычніка аб’ект быў нанова падключаны да сеткі. Раней паведамлялася, што першы блок БелАЭС прайшоў ужо два планава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэт на 198 дзён, 2023-м — на 68 дзён.

Падзяліцца: