Мінск 20:23

УСУ паведамілі пра чарговы залёт у Беларусь расійскіх БПЛА

Крыніца: global.espreso.tv

28 кастрычніка, Позірк. Пра чарговае ўварванне расійскіх беспілотных лятальных апаратаў у прастору Беларусі заявіла 28 кастрычніка камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Паведамляецца, што мінулай ноччу (з 19:00 27 кастрычніка) Расія ўжыла супраць Украіны “100 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў неўстаноўленага тыпу”.

“Па стане на 10:30 [28 кастрычніка] пацверджана збіццё 66 варожых БПЛА ў Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Цярнопальскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Кіраваградскай, Чаркаскай абласцях”, — гаворыцца ў паведамленні.

24 беспілотнікі “лакальна страчаныя”, “чатыры паляцелі ў кірунку рф і Беларусі”, адзначылі ва УСУ (арфаграфія захаваная).

Паводле звестак маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у ноч на 28 кастрычніка ў беларускую паветраную прастору ўвайшло не менш за тры расійскія БПЛА.

Адзін заляцеў у 00:26 з Кіеўскай вобласці праз населены пункт Дзятлік, “працягнуў рух паўночна-заходнім курсам у напрамку Нароўлі (Гомельская вобласць) і далей знік”.

Акрамя гэтага, як сцвярджаецца, “кароткачасовыя заходы” ў паветраную прастору Беларусі фіксаваліся таксама ў 09:06 і 10:08, калі БПЛА “кружылі на мяжы Беларусі з Кіеўскай вобласцю ў Чарнобыльскай зоне”.

Авіяцыя Беларусі, паводле звестак экспертаў, мінулай ноччу ў паветра не падымалася.

Раней украінскія паветраныя сілы паведамлялі аб залётах на беларускую тэрыторыю расейскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27 кастрычніка.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібы былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі падаючага беспілотніка.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, рэшткі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца прыгранічным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: