Мінск 03:13

Беларусь і Сірыя дамовіліся сумесна супрацьдзейнічаць санкцыям

Фота: sb.by


29 кастрычніка, Позірк. Сумесную заяву “аб шляхах і сродках процідзеяння, змякчэння і ўстаранення негатыўных наступстваў аднабаковых прымусовых мер” падпісалі 29 кастрычніка па выніках перагавораў у Мінску міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і міністр замежных спраў і па справах экспатрыянтаў Сірыі Басам Саббаг, паведамляюць беларускія дзяржСМІ.

“Узмацненне беларуска-сірыйскага супрацоўніцтва, пашырэнне палітычных кантактаў і гандлёвых сувязей будуць садзейнічаць у тым ліку і нашаму развіццю ва ўмовах тых абсалютна незаконных абмежаванняў, якія прымяняюцца так званым калектыўным Захадам адносна Беларусі і Сірыі”, — сказаў Рыжанкоў.

Ён удакладніў, што ў падпісаным дакуменце размова ідзе “аб непрымальнасці прымянення аднабаковых абмежавальных мер у гандлі, уключаючы і пастаўку гуманітарных грузаў, грузаў для забеспячэння харчовай бяспекі, у адносінах да спорту, культуры і іншых сфер міжнародных адносін”.

Па выніках перамоваў Рыжанкоў падкрэсліў, што свой першы краінавы візіт за мяжу ў якасці міністра Саббаг здзяйсняе менавіта ў Беларусь (палітык быў прызначаны на пасаду 23 верасня 2024 года. — “Позірк”.).

“Усё гэта дае падставу меркаваць, што закладзеныя многімі пакаленнямі беларусаў і сірыйцаў яшчэ ў савецкі час адносіны сяброўства, узаемадапамогі і дапамогі маюць тэндэнцыю да працягу. І мы будзем усяляк, абапіраючыся на гэтую спадчыну, працягваць і развіваць супрацоўніцтва, узаемадзеянне”, — запэўніў ён.

Акрамя таго, Рыжанкоў заявіў, што “Сірыя з’яўляецца надзейным партнёрам Беларусі на Блізкім Усходзе, і мы з хваляваннем сочым за тым, што адбываецца ў Сірыі і вакол яе, і з вялікай павагай ставімся да сірыйскага народа”, а Мінск “падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць сірыйскай дзяржавы”.

“І мы гатовы працягваць прадастаўляць неабходную падтрымку ў гэтых пытаннях. Наша краіна выступае за мір, дээскалацыю і спыненне кровапраліцця”, — цытуюць Рыжанкова дзяржСМІ.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 17 красавіка прэзідэнта Сірыі Башара Асада і сірыйскі народ з нацыянальным святам, заявіў аб намеры працягваць “падтрымліваць брацкую Сірыю для дасягнення міру, стабільнасці і працвітання”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Сірыяй устаноўлены 26 жніўня 1993 года. З лістапада 1998-га функцыянуе пасольства Беларусі ў Дамаску, з ліпеня 2007-га — амбасада Сірыі ў Мінску. Лукашэнка наведваў Сірыю ў 1998 і 2003 гадах, Башар Асад здзейсніў візіт у Беларусь у 2010 годзе.

Тавараабарот Беларусі і Сірыі невялікі, на сайце беларускага пасольства ў гэтай краіне няма старонкі, прысвечанай двухбаковым эканамічным адносінам. У адкрытым доступе актуальная інфармацыя таксама адсутнічае.

У 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі, паводле інфармацыі дзяржСМІ, склаў 8,2 млн. долараў (беларускі экспарт — 7,6 млн., сірыйскі — 600 тыс.).

У асноўным Беларусь экспартавала ў Сірыю сухое малако, малочную сыроватку, лекавыя сродкі, трактары і седлавыя цягачы, а імпартавала аліўкавы алей, садавіну, агародніну, арэхі, каву.

Сірыя з’яўляецца адной з крыніц нелегальнай міграцыі, яе грамадзяне часта фігуруюць у навінах звязаных з міграцыйным крызісам Беларусі і краін ЕС, які пачаўся ў 2021 годзе.

Саббаг прыме ўдзел у II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая адкрываецца 31 кастрычніка.

Падзяліцца: