Мінск 04:25

СМІ: 77-гадовую актывістку Ніну Багінскую будуць судзіць за выхад на вуліцу з плакатам у гонар БНФ

Фота: "Белсат"

29 кастрычніка, Позірк. У дачыненні да 77-гадовай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай складзены адміністрацыйны пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), вынікае з паведамлення тэлеканала “Белсат”.

Паводле інфармацыі медыя, яна была затрыманая 19 кастрычніка на скрыжаванні вуліцы Казлова і праспекта Незалежнасці ў Мінску. Прычынай стаў плакат, які жанчына трымала ў руках, з надпісам “БНФ” у гонар палітычнага руху Беларускі народны фронт “Адраджэнне”.

Адзначаецца, што мэтай жанчыны было дайсці да будынка на вул. Варвашэні, 8, дзе доўгі час размяшчаўся офіс БНФ.

Пасля затрымання, як сцвярджаецца, Багінская была дастаўленая ва УУС Савецкага раёна Мінска.

“Там міліцыянт надзеў ёй кайданкі, прычым рукі закруціў за спіну, як небяспечнай злачынцы. У Багінскай праблемы з плячом, жанчына папрасіла, каб, калі ўжо міліцыянты бачаць такую неабходнасць, то хаця б далі магчымасць трымаць рукі спераду. Але тыя праігнаравалі ўзрост жанчыны і яе фізічны стан”, — гаворыцца ў публікацыі.

Паводле даных медыя, Багінская адмовілася чытаць і падпісваць складзены на яе пратакол. “Яе трымалі ў РУУС у кайданках амаль тры гадзіны і адпусцілі да суда толькі каля 22:00”, — адзначае тэлеканал.

Дата суда пакуль невядомая.

Ніна Багінская ўдзельнічае ў акцыях апазіцыі з 1988 года, падчас вулічных шэсцяў пры ёй заўсёды вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Яна стала адным з сімвалаў мірных пратэстаў у 2020 годзе.

У кастрычніку 2020 года Аляксандр Лукашэнка публічна папрасіў не затрымліваць яе: “Вы глядзіце, толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую забраць, апазіцыі не будзе. Няма каму хадзіць. Я памятаю яшчэ, жартам кажу, яна яшчэ ў службе бяспекі [заснавальніка БНФ Зянона] Пазняка працавала. Ну, малайчына, яна перакананы чалавек”.

Як нярэдка бывае, словы Лукашэнкі разышліся з рэчаіснасцю: Багінскую неаднаразова затрымлівалі і штрафавалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. У лістападзе 2020-га ў яе кватэры прайшоў ператрус. Таксама Багінскую адвозілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў мінскім мікрараёне Навінкі.

У канцы кастрычніка 2022-га, калі актывістка яшчэ выходзіла на вуліцу са сцягам, пра яе пісала нямецкая газета Berliner Morgenpost, назваўшы Багінскую “апошнім беларускім дэманстрантам”.

У лістападзе 2022 года зямельны ўчастак Багінскай у садовым таварыстве “Фізтэх” у вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць) пры пачатковай цане 693 рубля быў прададзены з аўкцыёну за 727 рублёў. Участак канфіскавалі за нявыплату “палітычных” штрафаў, якія жанчына не аплачвае прынцыпова.

Падзяліцца: