Мінск 23:17

Ціханоўская: Пасля сучаснай хвалі рэпрэсій і русіфікацыі Беларусь выжыве

Архіўнае фота: "Позірк"

29 кастрычніка, Позірк. Беларусы не забудуць “імёны ахвяр сталінізму, як і ганебныя імёны іх катаў”, адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў прамове з нагоды 87-й гадавіны масавага растрэлу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Прамову палітыка, якая ў гэтыя дні здзяйсняе візіт у Ісландыю, яе прэс-сакратар Ганна Красуліна зачытала 29 кастрычніка ў Вільнюсе на мемарыяльнай акцыі “Ноч [не]расстраляных паэтаў”.

“У ноч з 29 на 30 кастрычнніка 1937 года сталінскія каты з НКУС расстралялі больш за 130 выбітных прадстаўнікоў беларускай культуры і навукі, — адзначыла Ціханоўская. — Гэта былі найлепшыя з найлепшых — паэты, пісьменнікі, мовазнаўцы, навукоўцы, палітыкі. <…> Наймаладзейшым з іх было 25 гадоў, найстарэйшаму — 47. Гэтак сталінізм спадзяваўся абяскровіць беларускую нацыю і падрыхтаваць глебу для яе паглынання Расіяй”.

Паводле яе слоў, “беларускія патрыёты і іх творы”, на задуму сталіністаў, “мусілі быць фізічна знішчаныя і забытыя”, але “гісторыю немагчыма падмануць”.

“Мінула 87 гадоў, а мы па-ранейшаму памятаем нашых герояў, — канстатавала палітык. — Сёння беларусы ва ўсім свеце ладзяць вечарыны ў іх гонар. <…> Гэтак жа праз 80, 100, 180 гадоў беларусы будут памятаць імёны ахвяр лукашызму — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі, Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі, Алеся Пушкіна, Вітольда Ашурка і многіх іншых. Іх забойцы раней ці пазней абавязкова адкажуць за свае злачынствы”.

“У часы сталіншчыны”, падкрэсліла дэмлідар, Беларусь “апынулася на мяжы знікнення з мапы свету”, пад рэпрэсіі “трапіла сама беларуская мова і культура”, а русіфікацыя “набыла пачварныя маштабы”. Тым не менш, звярнула яна ўвагу, Беларусь “выжыла і перамагла”.

“І пасля сучаснай хвалі рэпрэсій і русіфікацыі Беларусь выжыве, — упэўненая Ціханоўская. — Наш народ, канчаткова прабуджаны ў 2020 годзе, не будзе мірыцца з прамаскоўскай дыктатурай. Рэжым, на руках якога кроў не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, не здолее доўга трымацца на гвалце і падмане. Дыктатару застанецца адзінае месца ў гісторыі, якога ён заслугоўвае, — на лаве падсудных. А Беларусь жыла і будзе жыць”.

“Як напісаў у знакамітым вершы Алесь Дудар: “Але яшчэ глушыце кроў. / Гарыць душа і час настане, / Калі з-за поля, з-за бароў / Па-беларуску сонца гляне”. Я ўпэўненая, што мы з вамі дачакаемся гэтага сонца, дапрацуем да яго. Дзякуй усім вам, што не забываеце нашых герояў. Дзякуй усім тым, хто ў сваёй творчай і навуковай працы зберагае памяць пра іх”, — падсумавала палітык.

Ноч на 30 кастрычніка 1937 года — адна са змрочных старонак у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады НКУС расстраляў больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты: дзеячаў культуры, навукі, тагачасных чыноўнікаў.

Сярод іх былі 22 літаратары, у тым ліку — Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў, Майсей Кульбак, Ізі Харык, Васіль Сташэўскі, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Васіль Коваль, Макар Шалай, Арон Юдэльсан і інш.

Забойствы праводзіліся ва ўнутранай турме НКУС (цяпер следчы ізалятар КДБ, так званая “Амерыканка”) і падвалах Пішчалаўскага замка (да нядаўняй пары следчы ізалятар МУС № 1, “Валадарка”).

З 1988 года беларусы ў розных гарадах свету праводзяць акцыі памяці расстраляных. У Беларусі мерапрыемствы традыцыйна праходзілі ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, дзе пахаваны шматлікія ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Апошні такі сход адбыўся ў 2020 годзе.

У 2024 годзе акцыі памяці праходзяць больш як у 40 гарадах не менш за 15 краін свету.

Прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Узніклы пасля іх палітычны крызіс і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль.

Падзяліцца: