be
Arrow
Мінск 02:25

У Астравецкім раёне праходзяць антытэрарыстычныя вучэнні

Крыніца: сайт БелАЭС

30 кастрычніка, Позірк. Аб правядзенні на тэрыторыі Астравецкага раёна (Гродзенская вобласць) антытэрарыстычных вучэнняў паведамляе дзяржагенцтва БелТА са спасылкай на Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Мэтай мерапрыемства, у якім, акрамя КДБ, бяруць удзел супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, Следчага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, названа праверка гатоўнасці органаў улады да ўзаемадзеяння і рэагавання на акты тэрарызму.

У час манеўраў будзе выкарыстана ваенная і іншая спецыяльная тэхніка. На дарогах раёна будзе ўзмоцнены кантроль, а ў зоне вучэнняў — абмежаваны дарожны рух.

У якой менавіта частцы рэгіёна праводзяцца вучэнні не паведамляецца. Аднак менавіта ў Астравецкім раёне, які мяжуе з Літвой, размешчана Беларуская атамная электрастанцыя, будаўніцтва якой завяршылася восенню 2023 года. Першы энергаблок сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Аб’ект пабудаваны па праекце дзяржкарпарацыі “Расатам” і пераважна за кошт расійскага крэдыту.

Падзяліцца: