Мінск 02:58

Віцэ-прэм’ер Сербіі назіраў у Мінску “паказальныя выступленні” спецназа МУС

Фота: МУС

30 кастрычніка, Позірк. “Паказальныя выступленні падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння” былі прадэманстраваны намесніку прэм’ер-міністра Сербіі Аляксандру Вуліну падчас яго візіту 30 кастрычніка ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС, паведамляе прэс-служба ведамства.

У цэнтры падрыхтоўкі Вулін сустрэўся з міністрам унутраных спраў Беларусі Іванам Кубраковым.

Адзначаецца, што кіраўнік МУС на сустрэчы заявіў пра гатоўнасць да працягу партнёрства і абмену вопытам з Сербіяй “па ўсіх напрамках службовай дзейнасці”, у тым ліку “па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, незаконнаму абароту наркотыкаў, арганізаванай злачыннасці, арганізацыі супрацоўніцтва спецпадраздзяленняў у барацьбе з тэрарызмам” і інш.

Сцвярджаецца, што “асаблівую цікавасць” у сербскай дэлегацыі выклікалі “напрацоўкі беларускага МУС у барацьбе з кіберзлачынствамі і незаконнай міграцыяй”.

У гэты ж дзень прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла аб сустрэчы з Вуліна з кіраўніком абароннага ведамства Віктарам Хрэніным. Заяўляецца, што “бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднай бяспекі, а таксама па тэндэнцыях развіцця ваенна-палітычнага становішча ва Усходняй Еўропе і на Балканах”.

Сербская дэлегацыя на чале з Вуліным прыме ўдзел у другой Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая пройдзе з 31 кастрычніка па 1 лістапада.

Беларускія ўлады ўключылі Сербію ў спіс “недружалюбных” краін, у які акрамя дзяржаў Еўрасаюза і ЗША ўваходзяць Албанія, Вялікабрытанія, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Швейцарыя.

Сербія з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз.

У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЕС супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаванняў. У канцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сербію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжанае да канца 2024 года.

Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент уступіў у сілу 10 ліпеня 2021 года.

Падзяліцца: