Мінск 16:26

Дзве кампаніі, якія займаюцца навучаннем плаванню, не сплацілі ў ФСАН больш за 120 тыс. рублёў — КДК

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

17 лістапада, Позірк. Больш за 120 тыс. рублёў страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) не сплацілі дзве мінскія кампаніі, якія займаюцца навучаннем плаванню, вынікае з паведамлення Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) ад 17 лістапада.

У дачыненні да ўладальніка бізнесу, якому належаць абедзве кампаніі, распачатая крымінальная справа.

Парушэнні выявілі супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Брэсцкай вобласці. Паводле даных праверкі, каб зменшыць абавязковыя адлічэнні ў ФСАН, уладальнік бізнесу арганізаваў рэгістрацыю дзейных і былых супрацоўнікаў у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Заробак ім выплачвалі пад выглядам аплаты прадпрымальніцкіх паслуг па навучанні плаванню, хоць фактычна людзі працягвалі выконваць тую ж працу, што і раней.

Акрамя таго, частку наяўнай выручкі, якую плацілі кліенты, не праводзілі па бухгалтарскім уліку і хавалі ад падаткаў. Гэтыя грошы “паступалі ў распараджэнне” дырэктара, а таксама выкарыстоўваліся для заробкаў “ў канвертах” — штомесяц супрацоўнікі атрымлівалі ад 300 да 1 тыс. рублёў неафіцыйных выплат.

Крымінальная справа распачатая “па факце наўмыснага неналічэння і нявыплаты страхавых унёскаў у буйным памеры”. Ідзе папярэдняе расследаванне.

4 верасня паведамлялася пра накіраваную ў суд справу кіраўніка грамадскага аб’яднання спартыўнай скіраванасці, зарэгістраванага ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць). Паводле версіі абвінавачання, ён прапанаваў супрацоўнікам, у тым ліку трэнерам, зарэгістравацца ў якасці ІП, пасля чаго заключыў з імі дамовы на аказанне паслуг. Фактычна людзі працягвалі працаваць у аб’яднанні, а выплаты ім праводзіліся як аплата паслуг прадпрымальнікаў. З ліпеня 2021 года да траўня 2025-га такім чынам было выплачана больш за 5,5 млн рублёў, а сума нявыплачаных страхавых унёскаў перавысіла 1,8 млн рублёў. Падчас расследавання абвінавачаны кампенсаваў каля 920 тыс. рублёў.

2 верасня паведамлялася пра накіраванне ў суд справы ў дачыненні да галоўнага бухгалтара адной з будаўнічых фірмаў Брэста паводле ч. 2 арт. 243¹ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (пошлін) і ч. 2 арт. 243³ (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) КК.

53-гадовая абвінавачаная, быўшы галоўным бухгалтарам, а пасля кіраўніком прадпрыемства, “арганізавала выплату заробкаў работнікам пад выглядам кампенсацыі за выкананне работ вахтавым метадам”: “Агулам з чэрвеня 2021 года да чэрвеня 2024-га 132 работнікам было выплачана [такім чынам] больш за 2,26 млн рублёў”.

29 чэрвеня паведамлялася, што ў суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да “фактычнага кіраўніка камерцыйных арганізацый і 10 саўдзельнікаў” у сферы пасажырскіх перавозак таксі.

Паводле інфармацыі прэс-службы нагляднага органа, ім ставіліся ў віну “ўхіленне і садзейнічанне ўхіленню ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў у бюджэт, наўмыснае неналічэнне і нявыплата абавязковых страхавых унёскаў у <…> ФСАН”, што пацягнула за сабой “нанясенне дзяржаве шкоды ў буйных і асабліва буйных памерах”.

11 сакавіка на пасяджэнні праўлення ФСАН “адной з самых вострых тэм” названая барацьба з ценявой занятасцю.

Падзяліцца: