Мінск 22:00

Кіраўнік ЕК фон дэр Ляен параўнала эканамічнае развіццё Польшчы і Беларусі — розніца ВУП на душу насельніцтва амаль трохразовая

Фота: commission.europa.eu

16 лістапада, Позірк. Польшча і Беларусь пасля падзення камунізму знаходзіліся прыкладна на адным узроўні дабрабыту, аднак пасля выбралі розныя шляхі развіцця, заявіла 16 лістапада старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен на Форуме пашырэння ЕС у Бруселі.

“Польшча выбрала дэмакратыю і еўрапейскую інтэграцыю, Беларусь пайшла іншым шляхам. Сёння ВУП на душу насельніцтва ў Польшчы амаль утрая вышэйшы, чым у Беларусі”, — адзначыла кіраўніца ЕК.

Паводле слоў фон дэр Ляен, пашырэнне Еўрасаюза ў 2004 годзе прывяло да значных эканамічных пераўтварэнняў. У краінах, якія далучыліся тады да ЕС, рэальная заработная плата падвоілася.

Яна падкрэсліла, што пашырэнне ЕС прынесла эканамічныя перавагі не толькі новым членам аб’яднання, але і дзяржавам, якія на той момант уваходзілі ў яго склад. Паводле прыведзеных фон дэр Ляен даных, дзякуючы пашырэнню даходы ў разліку на аднаго жыхара ЕС выраслі на 10%.

Старшыня Еўракамісіі заявіла, што ўпершыню за многія гады з’явілася рэальная перспектыва новага пашырэння ЕС. Чарнагорыя, дадала палітык, блізкая да завяршэння перамоваў аб уступленні ў ЕС, Албанія дамагаецца “значнага прагрэсу”, а Украіна і Малдова працягваюць прасоўвацца па еўрапейскім шляху, нягледзячы на “знешні ціск”.

Параўнанне Польшчы і Беларусі пацвярджаецца звесткамі Сусветнага банка. Паводле статыстыкі арганізацыі за 2025 год, намінальны ВУП на душу насельніцтва ў Польшчы складаў 28.419,6 даляра, у Беларусі — 10.279,3. Такім чынам, Польскі паказчык быў вышэйшы за Беларускі ў 2,76 раза.

Гаворка ідзе пра ВУП у бягучых доларах ЗША, без уліку адрозненняў ва ўзроўні коштаў паміж краінамі.

Падзяліцца: