Мінск 20:15

З сакавіка 2025 года Польшча не прыняла заявы аб міжнароднай абароне амаль у 500 замежнікаў на мяжы з Беларуссю

Фота: pixabay.com

16 лістапада, Позірк. З 27 сакавіка 2025 года па 10 лістапада 2026-га амаль у 500 замежнікаў не былі прынятыя заявы аб прадастаўленні міжнароднай абароны на мяжы з Беларуссю, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы (МУСіА).

Пры гэтым у больш чым 200 асоб, якія адносяцца да уразлівых катэгорый, такія заявы былі прынятыя, адзначае ведамства.

У паведамленні МУСіА гаворыцца аб падаўжэнні яшчэ на 60 дзён з 17 лістапада абмежавання на падачу заяў аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю. Гэта дзясятае падаўжэнне абмежаванняў з моманту ўвядзення механізму 27 сакавіка 2025 года.

У МУСіА сцвярджаюць, што абмежаванні даказалі сваю эфектыўнасць. Паводле звестак ведамства, за апошні год колькасць спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы скарацілася ў 60 разоў, а ў першым паўгоддзі 2026 года не было зафіксавана ніводнага паспяховага незаконнага пераходу.

Мэтай мер, якія прымаюцца, міністэрства называе спыненне функцыянавання “штучна створанага міграцыйнага маршруту” і забеспячэнне недатыкальнасці польскіх межаў. Ведамства абвінавачвае беларускія дзяржаўныя службы ў актыўным, схаваным або адкрытым, удзеле ў арганізацыі гэтага маршруту для дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.

Як паведамляў “Позірк”, 12 лістапада ў афіцыйным выданні Monitor Polski была апублікаваная пастанова Сейма аб згодзе на чарговае падаўжэнне абмежаванняў. Дакумент прыняты 6 лістапада: за прагаласавалі 425 дэпутатаў, супраць — 17, адзін устрымаўся.

Адзначалася, што падчас выступу 5 лістапада ў Сейме, намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык заявіў, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы знаходзіцца пад поўным кантролем. Паводле яго слоў, міграцыйны маршрут зрушыўся да межаў Беларусі з Літвой і Латвіяй. Пры гэтым чыноўнік папярэдзіў, што адмена абмежаванняў можа прывесці да аднаўлення міграцыйнага ціску.

Паводле слоў Душчыка, польская практыка абмежавання прыёму хадайніцтваў аб міжнароднай абароне абмяркоўваецца на ўзроўні Еўрасаюза. Да канца 2026 года Еўракамісія, як чакаецца, прадставіць праект правілаў, якія дазволяць краінам ЕС прымяняць аналагічныя меры ў крызісных сітуацыях, у прыватнасці пры выкарыстанні міграцыі для дэстабілізацыі абстаноўкі на знешніх межах супольнасці.

Паводле статыстыкі “Позірка”, заснаванай на даных польскай памежнай службы, за студзень — кастрычнік 2026 года зафіксаваныя 482 спробы нелегальнага пранікнення мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, што ў 59 разоў менш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (28.435). У кастрычніку такіх спробаў было восем супраць 2.025 годам раней (розніца ў 253 разы).

Падзяліцца: