Мінск 19:20

МУС выпрабуе ў Мінску сістэму дронаў з ААЭ, прызначаных у тым ліку для “папярэджання несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў”

Фота: МУС

16 лістапада, Позірк. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падчас візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты зацікавіўся сістэмай аўтаномных беспілотнікаў Drone Box і прыняў рашэнне выпрабаваць яе ў Мінску. Пра гэта 16 лістапада паведаміла прэс-служба МУС.

Адзначаецца, што Кубракоў ацаніў сістэму, наведваючы ў Дубаі “выставу інавацый у праваахоўнай сферы”.

“Drone Box — гэта аўтаномная сістэма беспілотнікаў паліцыі Дубая, размешчаная ў спецыяльных стацыянарных док-станцыях (боксах) па ўсім горадзе для імгненнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Сістэма дазваляе запускаць дроны да месца здарэння без удзелу чалавека за лічаныя хвіліны да прыбыцця наземных патрулёў і перадаваць відэа ў рэальным часе для ацэнкі маштабаў таго, што адбылося”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што сістэму таксама можна ўжываць “у мэтах забеспячэння грамадскай і дарожнай бяспекі, папярэджання несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, пры пошуку і затрыманні злачынцаў”.

МУС паведамляе, што ў Мінску Drone Box будзе выпрабаваная ў рэжыме тэставай эксплуатацыі. Тэрміны не ўдакладняюцца.

Кубракоў удзельнічае ў ААЭ ў сусветным паліцэйскім саміце, які праходзіць у Дубаі 16–18 лістапада. У саміце ўдзельнічаюць прадстаўнікі 110 краін. Мерапрыемства, як заяўляе ведамства, праводзіцца з мэтай “абмену досведам і перадавымі практыкамі ў галіне барацьбы са злачыннасцю, аховы правапарадку і забеспячэння грамадскай бяспекі”.

Падзяліцца: