Мінск 15:17

У Гродне раварыст збіў пенсіянера — пазней той памёр у бальніцы

Фота: прэс-служба СК

16 лістапада, Позірк. Па факце смерці пенсіянера ў Гродне распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 321 КК (парушэнне пасажырам, пешаходам або іншым удзельнікам руху правілаў бяспекі руху або эксплуатацыі ўсіх відаў транспарту, якое з неасцярожнасці прывяло да смерці чалавека), паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення Следчага камітэта.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у верасні 53-гадовы раварыст ехаў па роварнай сцежцы на тэрыторыі лесапарку “Пышкі”. Не даўшы рады кіраванню, ён урэзаўся ў 78-гадовага мужчыну, які ішоў у тым жа кірунку.

У выніку сутыкнення абодва мужчыны былі шпіталізаваныя з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Праз некаторы час пешаход памёр.

“Праводзіцца комплекс следчых ды іншых працэсуальных дзеянняў, прызначанае правядзенне неабходных экспертных даследаванняў, выкананне якіх даручана спецыялістам ДКСЭ”, — гаворыцца ў паведамленні.

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: