Мінск 15:52

66-гадовы пешаход загінуў у ДТЗ у Пінскім раёне

Фота: УУС Брэсцкага аблвыканкама

16 лістапада, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Пінскім раёне паведаміла УУС Брэсцкага аблвыканкама.

ДТЗ здарылася 15 лістапада каля 18:50 у вёсцы Сташаны.

“33-гадовы жыхар Пінскага раёна, кіруючы аўтамабілем “Рэно”, рухаўся па вуліцы Савецкай у напрамку ад вёскі Мокрая Дуброва да вёскі Пагост-Загародскі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле папярэдняй інфармацыі, паблізу дома №108 мужчына здзейсніў наезд на 66-гадовага мясцовага жыхара, які “знаходзіўся на праезнай частцы і не быў пазначаны святлоадбівальнымі элементамі”.

У выніку ДТЗ пешаход памёр на месцы здарэння. Распачатая крымінальная справа.

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: