Мінск 18:01

УДВП па Віцебскай вобласці не адказала на запыт праваабаронцы аб умовах працы зняволеных, спаслаўшыся на “шкоду нацбяспецы”

16 лістапада, Позірк. Праваабаронца Алег Мацкевіч атрымаў службовы рапарт, у якім адказ на яго зварот аб умовах працы зняволеных у Віцебскай вобласці звязваецца з магчымай шкодай нацыянальнай бяспецы, паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Дакумент, атрыманы Мацкевічам, склаў галоўны спецыяліст упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў (УДВП) МУС па Віцебскай вобласці В.В. Фёдараў. Адзначаецца, што рапарт зацверджаны начальнікам упраўлення А.П. Лаўэрам.

Паводле ацэнкі “Вясны”, замест разгляду паведамленняў аб небяспечных умовах працы асуджаных аўтар дакумента засяродзіўся на асобе заяўніка і яго праваабарончых публікацыях у інтэрнэце.

У рапарце сцвярджаецца, што дзеянні Мацкевіча накіраваныя на “дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады”, “парушэнне канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь”, а накіраванне яму адказу можа “стварыць перадумовы да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы”.

Спаслаўшыся на абмежаваны доступ да інфармацыі і меркаванае “злоўжыванне правам на зварот”, Фёдараў папрасіў дазволу не разглядаць зварот, не накіроўваць адказ заяўніку і спісаць матэрыялы ў справу.

Раней, 28 кастрычніка, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама перанакіраваў зварот праваабаронцы ў абласное ўпраўленне ДВП.

У камітэце адаслалі Мацкевіча да апублікаванай на сайце аблвыканкама агульнай статыстыкі траўматызму. Таксама чыноўнікі заявілі, што заканадаўства не прадугледжвае абавязку прадастаўляць ўнутраную службовую аналітыку і статыстычную справаздачнасць рэжымных аб’ектаў асобам без дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў.

Пры гэтым, як адзначыў праваабаронца, яму не паведамілі, ці ахопленыя вытворчасці калоній і лячэбна-працоўных прафілакторыяў мерапрыемствамі месячніка бяспечнай працы, ці правераныя сведчанні былых зняволеных і якія меры прынятыя. Вынікаў праверкі ў атрыманым з УДВП рапарце таксама няма.

“Атрымліваецца, што чыноўнікаў ДВП мала цікавяць рэальныя праблемы людзей, затое моцна турбуе выкананне ілюзорных ідэалагічных установак”, — заявіў Мацкевіч.

Паводле яго слоў, пры пакіданні звароту без разгляду з-за меркаванага злоўжывання правам заяўніку павінны паведаміць прычыны такога рашэння.

“Праца за кратамі не павінна калечыць чалавека, а закрытасць установы не павінна ператвараць небяспечныя ўмовы ў праблему, пра якую нельга ні спытаць, ні атрымаць змястоўны адказ”, — падкрэсліў прадстаўнік “Вясны”.

Як паведамляў “Позірк”, Мацкевіч звярнуўся ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама з патрабаваннем праверыць выкананне правілаў аховы працы ва ўстановах ДВП на фоне рэгіянальнага месячніка бяспечнай працы, які праходзіць з 19 кастрычніка па 20 лістапада.

Да звароту былі прыкладзеныя сведчанні былых зняволеных, якія працавалі ў 2021–2025 гадах у папраўчых калоніях №1 у Наваполацку, №3 у пасёлку Віцьба, №8 у Оршы, №13 у Глыбокім і папраўчай установе адкрытага тыпу №9 у Віцебску.

Яны паведамлялі аб небяспечным абсталяванні, недахопе вентыляцыі і сродкаў індывідуальнай абароны, холадзе або спякоце ў вытворчых памяшканнях, а таксама траўмах. Паводле сцвярджэння праваабаронцаў, некаторыя здарэнні адміністрацыя афармляла як “самапашкоджанне”, а пацярпелыя асцерагаліся звяртацца па медыцынскую дапамогу з-за пагрозы дысцыплінарнага пакарання.

Мацкевіч запатрабаваў праверыць стан абсталявання і вентыляцыі, забеспячэнне работнікаў ахоўнымі сродкамі і апублікаваць статыстыку вытворчага траўматызму ва ўстановах ДВП за 2024–2026 гады, уключаючы цяжкія і смяротныя выпадкі.

Падзяліцца: