Мінск 19:40

На дзелавым форуме ў Нью-Дэлі абмеркаванае беларуска-індыйскае супрацоўніцтва ў сферы грамадзянскіх беспілотнікаў

16 лістапада, Позірк. Аб абмеркаванні супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы сельскагаспадарчых і грамадзянскіх беспілотных авіяцыйных сістэм паведаміла 16 лістапада Міністэрства гандлю і прамысловасці Індыі па выніках двухбаковага дзелавога і інвестыцыйнага форуму ў Нью-Дэлі.

Паводле інфармацыі ведамства, на форуме таксама разгледжаныя магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў, перадачы тэхналогій, лакалізацыі вытворчасці, правядзення даследаванняў і распрацовак, умацавання сувязяў у ланцужках паставак.

Дзяржаўны міністр гандлю і прамысловасці Індыі Джыцін Прасада заклікаў кампаніі дзвюх краін вывучаць перспектывы сумесных распрацовак, у тым ліку ў галіне беспілотных авіяцыйных сістэм і перадавых вытворчых тэхналогій.

З беларускага боку, паводле рэлізу, у форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі аўтамабілебудавання, вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і горназдабыўнога абсталявання, фармацэўтыкі, хімічнай прамысловасці, мікраэлектронікі, банкаўскага сектара і інш.

У ліку перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва ведамства таксама назвала тэхналогіі ачысткі вады і перапрацоўку харчовай прадукцыі. Канкрэтныя праекты і сумы кантрактаў у паведамленні не прыведзеныя.

Форум, паводле інфармацыі міністэрства, прайшоў на палях 12-га пасяджэння міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне гандлю, эканомікі, навукі, тэхналогій і культуры. Яго сустаршынямі выступілі Прасада і міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Паведамляецца, што бакі абмеркавалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2027–2031 гады. Наступнае пасяджэнне камісіі запланаванае на 2027 год.

Згодна з праграмай візіту, апублікаванай індыйскім МЗС і прыведзенай агенцтвам ANI, Рыжанкоў знаходзіцца ў Індыі 15–18 лістапада. На 16 лістапада таксама быў запланаваны круглы стол з прадстаўнікамі Канфедэрацыі індыйскай прамысловасці, на 17-е — сустрэча з дзяржаўным міністрам замежных спраў (пасада па ўзроўні блізкая да намесніка кіраўніка МЗС. — “Позірк”.) Кірці Вардханам Сінгхам.

Паводле даных амбасады Індыі ў Мінску, тавараабарот дзвюх краін у 2025/2026 фінансавым годзе (красавік 2025-га — сакавік 2026-га) склаў 124,02 млн долараў супраць 106,69 млн годам раней. Рост склаў 16,2%.

Паводле той жа статыстыкі, індыйскі імпарт з Беларусі дасягнуў 52,23 млн долараў, экспарт у Беларусь — 71,79 млн. Такім чынам, адмоўнае сальда гандлю для беларускага боку склала 19,56 млн долараў.

У апублікаванай амбасадай табліцы таксама ўказана, што ў 2021/2022 фінансавым годзе тавараабарот складаў 446,42 млн долараў. Такім чынам, нягледзячы на рост за апошні год, аб’ём узаемнага гандлю заставаўся значна ніжэйшы за гэты ўзровень.

12 верасня стала вядома, што Рыжанкоў на палях 18-га саміту БРІКС у Нью-Дэлі сустрэўся з кіраўніком індыйскага знешнепалітычнага ведамства Субраманьямам Джайшанкарам. Бакі “абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў беларуска-індыйскага супрацоўніцтва”.

Суразмоўцы закранулі пытанні “пашырэння консульскай прысутнасці Беларусі ў рэгіёнах Індыі ў мэтах умацавання міжрэгіянальных сувязяў”.

14 верасня Індыя была ўключана ў пералік дзяржаў, грамадзянам якіх выдаюцца беларускія электронныя візы.

Падзяліцца: