Беларусь і Індыя дамовіліся як мага хутчэй арганізаваць авіярэйсы з Мінска ў Мумбаі і на Гоа

17 лістапада, Позірк. Развіццё двухбаковай супрацы, у тым ліку ў сферы гандлю, турызму і авіязносін, абмеркаваў 17 лістапада з індыйскім дзяржаўным міністрам замежных спраў Кірці Вардханам Сінгхам кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Максім Рыжанкоў, які ў гэтыя дні наведвае Індыю.
Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС Беларусі, сярод іншага бакі абмеркавалі падрыхтоўку да падпісання больш як дзясятка міжурадавых, міжрэгіянальных і міжведамасных дакументаў, уключаючы дарожную карту супрацы.
Рыжанкоў пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў тым, каб як мага хутчэй падпісаць пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Індыяй. На сустрэчы таксама абмяркоўваліся пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў на індыйскі рынак, вайскова-тэхнічная супраца і навуковыя абмены.
Адзначаецца, што асобную ўвагу суразмоўцы надалі транспартным зносінам: “У развіццё дамоўленасці пра ўвядзенне парадку ўезду індыйскіх грамадзян у Беларусь на падставе электроннай візы дыпламаты дамовіліся актывізаваць працу па найхутчэйшым запуску авіярэйсаў Мінск — Мумбаі і Мінск — Гоа”. Яны таксама абмеркавалі “магчымасці пашырэння студэнцкіх абменаў і ўзаемнага прызнання дакументаў пра адукацыю”.
На сустрэчы было адзначана, што да падпісання гатовы шэраг мемарандумаў паміж індыйскімі штатамі і беларускімі абласцямі.
“Напрыканцы сустрэчы Максім Рыжанкоў аднавіў запрашэнне Кірці Вардхану Сінгху наведаць Мінск з візітам”, — гаворыцца ў паведамленні.
Напярэдадні Рыжанкоў разам з дзяржаўным міністрам гандлю і прамысловасці Індыі Джыцінам Прасадай правёў 12-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай супрацы.
Паралельна ў Нью-Дэлі прайшоў індыйска-беларускі бізнес-форум з удзелам прадстаўнікоў кампаній дзвюх краін.
Сярод магчымых кірункаў супрацы індыйскі бок назваў фармацэўтыку, сельскагаспадарчае і прамысловае машынабудаванне, хімічную прамысловасць, лічбавыя тэхналогіі і навуковыя даследаванні. Таксама абмяркоўваліся сумесныя прадпрыемствы, перадача тэхналогій і лакалізацыя вытворчасці.
Візіт Рыжанкова ў Індыю распачаўся 15 лістапада і працягнецца да 18 лістапада.
Паводле даных амбасады Індыі ў Беларусі, тавараабарот дзвюх краін у мінулым фінансавым годзе (красавік 2025-га — сакавік 2026-га) склаў 124,02 млн долараў супраць 106,69 млн годам раней. Рост склаў 16,2%.
Згодна з той жа статыстыкай, індыйскі імпарт з Беларусі дасягнуў 52,23 млн долараў, экспарт у Беларусь — 71,79 млн. Адмоўнае сальда гандлю для беларускага боку склала 19,56 млн долараў.
У апублікаванай амбасадай табліцы таксама пазначана, што ў 2021/2022 фінансавым годзе тавараабарот складаў 446,42 млн долараў. Такім чынам, нягледзячы на рост за апошні год, аб’ём узаемнага гандлю заставаўся значна ніжэйшым за гэты ўзровень.

- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені — верасні Беларусь не паказала лідарства ў ЕАЭС ні па адным з сямі асноўных паказчыкаў эканомікіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБеларусы зноў сярод замежнікаў, высланых з Грузіі за апошнія дні (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаМігранты больш за 500 разоў з пачатку лістапада спрабавалі трапіць праз Беларусь у ЕСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка, Палітыка
