Мінск 20:33

У Мінску п’яны кіроўца ўрэзаўся ў прыпаркаваныя аўтамабілі

17 лістапада, Позірк. Пра затрыманне ў Мінску 38-гадовага нецвярозага кіроўцы легкавога аўтамабіля Nissan, які ўчыніў ДТЗ, паведаміла УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Як гаворыцца ў рэлізе, мужчына, падчас руху па вул. Геалагічнай (Партызанскі раён), каля дома № 123 урэзаўся ў прыпаркаваныя аўтамабілі.

Падчас разбіральніцтва высветлілася, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Агляд паказаў наяўнасць больш за два праміле алкаголю ў выдыханым паветры (ап’яненне сярэдняй ступені). Ён “адхілены ад кіравання транспартным сродкам”, аўтамабіль дастаўлены на ахоўную стаянку.

У дачыненні да парушальніка складзеныя “адміністрацыйныя матэрыялы”. Падрабязнасці не прыводзяцца.

За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення пры канцэнтрацыі алкаголю звыш 0,8 праміле ч. 2 арт. 18.15 КаАП прадугледжвае штраф у памеры 200 базавых велічынь (на сёння 9 тыс. рублёў) з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю на пяць гадоў. 

Падзяліцца: