Мінск 19:38

Лукашэнка папракнуў Еўропу і Украіну ў зрыве ранніх этапаў перамоваў з РФ, але вітаў цяперашні ўдзел еўрапейцаў

Ілюстрацыйнае фота: Marco Bianchetti / unsplash.com

17 лістапада, Позірк. “Добра, што еўрапейцы ўдзельнічаюць у гэтых перамовах”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада ў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point, ацэньваючы ўдзел прадстаўнікоў краін Еўропы ў перамоўным працэсе з Расіяй пра спыненне вайны ва Украіне.

Паводле яго сцвярджэння, гэты працэс “вярнуўся да пачатковага этапу праз дзеянні еўрапейскіх краін і Украіны”.

“Вы, менавіта вы (маецца на ўвазе кіраўніцтва краін Еўропы. — “Позірк”.) і Украіна вінаватыя ў тым, што фактычна перакрэсленыя ўсе раўнды перамоваў і пазіцыі, якія былі да гэтага, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Зноў пачалі па-новаму разглядаць гэта — старыя пытанні па-новаму. Таму зноў трэба прыцірацца, зноў рабіць першыя крокі”.

Палітык лічыць, што пачынаць варта з гуманітарных пытанняў, у тым ліку з абмену целамі загінулых і ваеннапалоннымі.

На думку Лукашэнкі, раней РФ “не была схільная” да ўдзелу еўрапейскіх прадстаўнікоў у перамовах, аднак цяпер пагадзілася на гэта. “Першага раўнда мала. Другі раўнд і ўдзел еўрапейцаў — гэта прагрэс. І не толькі ў тым, каб спыніць незразумела якую вайну вас [— краін Еўропы] з Расіяй. Але гэта прагрэс для будучыні Еўропы”, — заявіў ён.

Каментуючы магчымасць “мірнага ўрэгулявання вайны” пры ўдзеле Дональда Трампа, Лукашэнка адзначыў, што “не ўсё ў гэтым складаным пытанні” залежыць ад прэзідэнта ЗША.

Палітык лічыць, што еўрапейскія краіны павінны самастойна займацца вырашэннем праблем, звязаных з вайной, а не разлічваць выключна на дапамогу ЗША.

“Маю сказаць, што амерыканскі бок думаў, што гэтае пытанне можна вырашыць наскокам і мімаходзь. Гэта не памылка. Гэта недаацэнка сітуацыі. Цяпер яны разумеюць гэта лепш, чым раней”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, “амерыканцы маюць <…></escape> кучу праблем, якія трэба вырашаць і якія яны паспяхова ствараюць самі для сябе”.

Акрамя таго, Лукашэнка лічыць неабходным, каб РФ удзельнічала ў “выбудоўванні архітэктуры бяспекі ў Еўропе”: “Не забывайце, што ў гэтым доме ў нас велізарная Расія. І калі вы хочаце выключыць Расію са структуры будучай бяспекі, гэта ні да чаго не прывядзе”.

10–11 лістапада 2026 года ў Абу-Дабі (ААЭ) адбыўся новы раўнд перамоваў паміж дэлегацыямі Расіі, Украіны і ЗША — першыя за 9 месяцаў прамыя кантакты.

Перад пачаткам трохбаковых перамоваў, 10 лістапада, прадстаўнікі Украіны і ЗША правялі асобную сустрэчу з еўрапейскімі партнёрамі. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі Францыі, Германіі, Італіі і Вялікабрытаніі, Еўракамісіі, Еўрасавета і НАТО.

Бакі абмяркоўвалі каардынацыю намаганняў па спыненні вайны і гарантыі бяспекі для Украіны.

Варта адзначыць, што непасрэдна ў перамовах з расійскай дэлегацыяй еўрапейскія прадстаўнікі не ўдзельнічалі.

Як паведамляў “Позірк”, на IV штогадовай “Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы” 3 лістапада Лукашэнка заявіў, што гатовы даць сваю рэзідэнцыю для правядзення перамоваў па Украіне, але адмовіўся лічыць сябе пасярэднікам. Сярод іншага ён сказаў, што Беларусь непасрэдна ўцягнутая ў канфлікт і мае ўласныя інтарэсы ў перамоўным працэсе.

Падзяліцца: