Мінск 17:54

Прадстаўнікі ўрада Беларусі і “Расатама” абмеркавалі стварэнне Цэнтра ядзернай медыцыны ў Мінскім раёне

Ілюстрацыйнае фота: Glen Carrie / unsplash.com

17 лістапада, Позірк. “Пытанні ўзаемадзеяння па рэалізацыі” праекта па стварэнні Цэнтра ядзернай медыцыны на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава (аграгарадок Лясны ў Мінскім раёне) абмеркавалі 17 лістапада ў Мінску віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч і дырэктар медыцынскага кірунку расійскай дзяржкарпарацыі “Расатам” Ксенія Тагірава.

Паводле інфармацыі беларускага ўрада, “прапрацоўка вядзецца ў рамках комплекснай праграмы беларуска-расійскай супрацы ў галіне атамных неэнергетычных і неатамных праектаў”.

“Адзначаная важнасць укаранення сучасных медыцынскіх тэхналогій. Пашырэнне наяўных у краіне магчымасцей для лячэння пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі і прымяненне новых радыефармацэўтычных прэпаратаў дазволіць падвысіць эфектыўнасць дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра перспектывы стварэння ў Беларусі згаданага цэнтра ядзернай медыцыны гендырэктар “Расатама” Аляксей Ліхачоў згадваў 11 лістапада ў Мінску на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Паводле слоў расійскага госця, гаворка ідзе не толькі пра пастаўкі радыеізатопаў і радыефармпрэпаратаў, але і пра фармаванне медыцынскага кластара для дыягностыкі і лячэння анкалагічных, кардыялагічных і неўралагічных захворванняў.

У сакавіку 2023 года цяперашні віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч, які тады займаў пасаду міністра энергетыкі, заяўляў, што супраца з “Расатамам” пасля завяршэння будаўніцтва Беларускай АЭС не спыніцца. Тады ён паведаміў, што бакі плануюць супрацоўнічаць па шырокім спектры кірункаў: “Гэта назапашвальныя сістэмы для энергетыкі і электратранспарту, лічбавыя тэхналогіі, ядзерная медыцына, адытыўныя тэхналогіі, даследаванні ў галіне сельскай гаспадаркі і радыебіялогіі”.

Падзяліцца: