Мінск 21:59

На фестывалі ў Кракаве Ціханоўская адзначыла важнасць захавання беларускай мовы, культуры ды ідэнтычнасці

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

17 лістапада, Позірк. Пра важнасць захавання беларускай мовы, культуры ды ідэнтычнасці, падтрымкі творцаў у выгнанні, а таксама неабходнасць “працягваць культурныя праекты нават у самых складаных абставінах” заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 17 лістапада ў Кракаве (Польшча) на фестывалі “Культура ў выгнанні”.

Прэс-служба палітыка адзначыла, што сёлета фестываль быў прысвечаны “беларускай культуры і творцам, якія працягваюць працаваць ва ўмовах вымушанай эміграцыі”.

Ціханоўская прысвяціла свой выступ памяці пісьменніцы Святланы Курс (таксама вядомая пад псеўданімам Ева Вежнавец), якая памерла ад анкалагічнага захворвання 20 ліпеня 2026 года ва ўзросце 54 гадоў. Як заяўлена, дэмлідар “распавяла пра іх асабістыя сустрэчы і размовы, а таксама пра тое, як творчасць пісьменніцы дапамагала беларусам лепш разумець сябе і сваю краіну”.

“Я прыйшла да беларушчыны адносна нядаўна, — сказала Ціханоўская. — І шмат у чым дзякуючы людзям, якія былі побач. Я не магу параўнаць свае веды пра беларускую культуру з ведамі Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча ці Святланы Курс. Але менавіта такія людзі дапамаглі мне па-новаму адкрыць сваю краіну”.

“Яны не проста расказвалі пра Беларусь. Яны ўмелі заразіць любоўю да яе. І я думаю, што нешта падобнае адчулі многія беларусы за апошнія гады. Я раней не задумвалася, наколькі важная ідэнтычнасць. Наколькі важная мова. Гэтае разуменне прыйшло паступова. І мне здаецца, што беларускасць жыве ўнутры кожнага з нас. Проста часам патрэбны нейкі штуршок, каб яна прачнулася”, — дадала палітык.

Адзначаецца, што ў рамках фестывалю, які прайшоў пад патранатам МЗС Польшчы і мэра Кракава, адбылася дыскусія з прафесарам Дамінікай Каспровіч пра ўплыў “рускага свету” на беларускую культуру, русіфікацыю і сувязі беларусаў у краіне і за мяжой.

У Кракаве Ціханоўская ўсклала кветкі да стыхійнага мемарыялу на плошчы Галоўны рынак, дзе ў выніку ўзброенага нападу 24-гадовага паляка Міхала Аксіньскага загінула 6 чалавек і было паранена яшчэ 16 (яшчэ трох забітых — сваякоў стралка — знайшлі ў яго доме).

Падзяліцца: