Мінск 14:08

МАЗ і “Вайлдбэрыз” абмеркавалі варыянты супрацоўніцтва

Фота: МАЗ

13 лістапада, Позірк. Дэлегацыя расійскай кампаніі “Вайлдбэрыз” — буйной інтэрнэт-крамы, якая працуе на рынку краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, — наведала Мінскі аўтамабільны завод, паведаміла прэс-служба беларускага прадпрыемства.

Прадстаўнікі маркетплэйса “азнаёміліся з вытворчасцю грузавой тэхнікі, а таксама аўтамабільных прычэпаў і кузаваў “МАЗ-Купава”, гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што на сустрэчы з кіраўніцтвам завода абмяркоўваліся “перспектыўныя пункты ўзаемадзеяння” і “магчымыя шляхі супрацоўніцтва”.

Прэс-служба завода не ўдакладняе, аб якім супрацоўніцтве ідзе гаворка.

У красавіку гэтага года генеральны дырэктар “Вайлдбэрыз” Таццяна Бакальчук паведаміла, што маркетплэйс плануе “пашырыць працу з аўтавытворцамі”. Услед за машынамі кітайскіх марак платформа мае намер прыступіць да анлайн-продажаў расійскіх аўтамабіляў “Лада”.

Бакальчук адзначыла таксама, што “Вайлдбэрыз” вядзе перамовы з іншымі аўтабрэндамі, але не ўдакладніла, з якімі менавіта. Зараз на маркетплэйсе можна купіць розныя запасныя часткі да аўтамабіляў МАЗ.

“Вайлдбэрыз” ажыццяўляе дастаўку сваіх тавараў нямецкімі аўтамабілямі MAN (належыць Volkswagen). У сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля нападу Расіі на Украіну, канцэрн заявіў, што спыняе экспарт грузавікоў і камплектуючых у Расію і Беларусь. У верасні таго ж года вытворца паведаміў аб канчатковым сыходзе з расійскага рынку.

У кастрычніку ў Расіі было прададзена 585 новых грузавікоў Мінскага аўтамабільнага завода — на 6,6% больш, чым у тым жа месяцы 2023 года (549). За дзесяць месяцаў беларускае прадпрыемства рэалізавала ў РФ 4.680 адзінак гэтай тэхнікі (за адпаведны перыяд мінулага года — 5.241; -10,7%).

У 2023 годзе МАЗ прадаў 6.406 новых грузавікоў — на 45,9% больш, чым у 2022-м (4.391).

Падзяліцца: