Мінск 21:58

Больш за 80% каналаў паставак наркотыкаў вядуць у Беларусь з Расіі — BelPol

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт

14 лістапада, Позірк. Галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія. Да такой высновы прыйшлі былыя сілавікі з аб’яднання BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якая ёсць у іх распараджэнні.

З дакумента, які прыкладаецца да публікацыі, вынікае, што ў першым паўгоддзі 2024 года ў Беларусі выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.

У даведцы канстатуецца зніжэнне з 2.183 да 2.004 (8,2%) у параўнанні з першым паўгоддзем 2023 года агульнай колькасці зарэгістраваных у Беларусі нарказлачынстваў, і з 1.194 да 1.023 (14,3%) — колькасці злачынстваў, звязаных са збытам наркотыкаў. У той жа час у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях колькасць апошніх павялічылася на 8,6% і 3,2% адпаведна, указана ў дакуменце.

Адзначаецца, што ў першым паўгоддзі выяўленыя і ліквідаваныя тры падпольныя наркалабараторыі, дзве з якіх знаходзіліся на тэрыторыі Расіі.

Падкрэсліваецца рост на 66,7% злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў сярод непаўналетніх, пры гэтым больш за 78% з іх звязаныя са збытам.

У даведцы прыводзяцца даныя Міністэрства аховы здароўя на 1 ліпеня 2024 года, згодна з якімі пад дыспансерным наглядам з-за сіндрому залежнасці ад наркатычных сродкаў у Беларусі знаходзіліся 7.013 чалавек. Пад медыцынскім наглядам з-за ўжывання наркатычных і псіхатропных рэчываў заставаліся 4.896 чалавек, з іх 42 — непаўналетнія. Пры гэтым за першае паўгоддзе 28 чалавек памерлі ад атручвання наркотыкамі.

За першыя шэсць месяцаў 2024 года выяўлена на 60% больш памяшканняў, спецыяльна абсталяваных для вырошчвання нарказмяшчальных раслін.

6 лістапада начальнік 1-га аддзела 1-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Сяргей Мялешчык паведаміў на прэс-канферэнцыі, што за 9 месяцаў 2024 года органамі ўнутраных спраў Беларусі канфіскавана 462,1 кг наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў — у 1,4 разы менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Аднак, паводле яго слоў, “аналіз агульных звестак аб канфіскацыі на тэрыторыі Беларусі з незаконнага абароту наркотыкаў і псіхатропаў паказвае, што аб’ём іх канфіскацыі ўсімі органамі крымінальнага пераследу вырас у 2,6 раза [ў гадавым вымярэнні] і склаў 1.707 кг”. Мялешчык удакладніў, што “асноўны аб’ём канфіскаваны мытнымі і памежнымі органамі”.

Пры гэтым, дадаў прадстаўнік МУС, рост паказчыкаў па канфіскацыі наркотыкаў нязначны — тады як па псіхатропах за названы перыяд зафіксаванае павелічэнне больш чым у 4 разы (да 1.336 кг).

Гэтую інфармацыю пацвердзіў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Сяргей Дуброўскі, які паведаміў аб спыненні ў 2024 годзе больш за 440 спробаў перамяшчэння наркотыкаў і псіхатропаў праз мяжу. Канфіскавана, паводле яго слоў, каля 1.300 кг такіх рэчываў.

Дуброўскі заявіў, што затрыманыя партыі прызначаліся як для спажывання на ўнутраным рынку Беларусі, так і далейшага перамяшчэння на тэрыторыю Расіі.

Чыноўнік адзначыў, што “адбылося пераарыентаванне наркапатокаў на польскі і прыбалтыйскі кірунак”, пры гэтым “калегі з гэтых краін ігнаруюць сумесную працу па іх спыненні”. Вынікам гэтага ён назваў “складанасці пры ўстанаўленні ўсяго міжнароднага ланцужка паставак наркотыкаў і беспакаранасць злачынных элементаў на тэрыторыі саміх гэтых дзяржаў”.

Прадстаўнік ДМК прывёў некалькі прыкладаў затрымання буйных партый наркотыкаў і псіхатропаў у 2024 годзе. У асноўным, паводле яго слоў, яны звязаныя з спыненнем каналаў паставак з краін ЕС у Расію.

У сваю чаргу Мялешчык паведаміў, што за 9 месяцаў 2024 года сфарміравалася “выразная тэндэнцыя зніжэння колькасці выяўленых нарказлачынстваў, дастаўлення ва ўстановы аховы здароўя ў сувязі з атручваннем наркотыкамі, а таксама смерцяў ад перадазіровак”.

Паводле яго слоў, у названы перыяд у Беларусі “зарэгістравана 2.908 нарказлачынстваў, з якіх 1.450 звязаныя са збытам [забароненых рэчываў]”.

“Устаноўлена 1.576 асоб, якія ўчынілі злачынствы ў сферы наркакантролю, з іх 590 — нарказбытчыкаў. З 45 да 76 павялічылася колькасць нарказлачынстваў, учыненых непаўналетнімі альбо з іх удзелам. 50 такіх злачынстваў звязана са збытам, пры гэтым з 53 да 66 павялічылася колькасць дзяцей, якія іх учынілі”, — сказаў прадстаўнік МУС.

Падзяліцца: