Мінск 01:46

Дэпутата парламента Украіны падазраюць у дзяржздрадзе праз сувязі з рэжымам Лукашэнкі

Яўген Шаўчэнка з дзяржаўным сцягам Беларусі ў Вярхоўнай радзе
Крыніца: dumskaya.net

14 лістапада, Позірк. Дзейнаму дэпутату Вярхоўнай рады прад’яўлена падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе, у тым ліку праз сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны (ДБР).

Прозвішча парламентарыя не называецца, але выданне “РБК-Україна” са спасылкай на ўласныя крыніцы і прэс-службу ДБР паведамляе, што гаворка ідзе пра Яўгена Шаўчэнку.

Падазрэнне прад’яўлена Службай бяспекі Украіны (СБУ) і Офісам генеральнага пракурора, заяўляецца аб нанясенні дэпутатам “шкоды абараназдольнасці і інфармацыйнай бяспецы Украіны”.

Адзначаецца, што комплексная псіхолага-лінгвістычная і вайсковая экспертызы пацвердзілі, што дэпутат “пачаў наносіць шкоду абараназдольнасці і інфармацыйнай бяспецы Украіны яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі”. Сярод іншага ў 2021 годзе ён публікаваў недакладную інфармацыю аб адсутнасці пагрозы ваеннага ўварвання Расіі з тэрыторыі Беларусі. Акрамя гэтага, як паведамляецца, следствам устаноўленыя яго “кантакты з прадстаўнікамі амбасады Беларусі пасля таго, як ён у верасні 2020 года са сцягам гэтай краіны зайшоў на трыбуну парламента”.

“Ён неаднаразова ездзіў у Беларусь, дзе сустракаўся з прадстаўнікамі дзелавых, палітычных структур і нават з самаабвешчаным прэзідэнтам краіны. Спасылаючыся менавіта на гэтую сустрэчу, дэпутат распаўсюджваў ідэю адсутнасці пагрозы нападу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і да таго падобнае”, — гаворыцца ў паведамленні ДРБ.

Паводле даных следства, “па пратэкцыі” Лукашэнкі дэпутат і яго блізкія сваякі “вялі актыўны бізнес з прадстаўнікамі Беларусі”, у тым ліку на рынку электраэнергіі і мінеральных угнаенняў. “Купляючы ў Беларусі тавары па заніжаных цэнах, яны завозілі іх ва Украіну праз іншую еўрапейскую краіну і прадавалі значна даражэй”, — падкрэслівае бюро расследаванняў.

“Рэжым садзейнічання з боку беларускіх уладаў дазволіў парламентарыю за паўгода атрымаць 1,5 млн еўра чыстага прыбытку. Ва Украіну ён змог перавесці толькі 500 тыс. еўра. Астатнія не ўдалося атрымаць у сувязі з блакаваннем сумніўных транзакцый з боку фінансавага маніторынгу аднаго з еўрапейскіх банкаў”, — заяўляе ДБР.

Акрамя гэтага, звяртаецца ўвага, што дэпутат “запісваў праграмы на ўласных каналах, даваў інтэрв’ю прарасійску настроеным блогерам і экспертам”, пасля чаго “гэты кантэнт распаўсюджваўся на прапагандысцкіх СМІ на тэрыторыі Расіі з мэтай стварэння на тэрыторыі краіны-агрэсара грамадскай пазіцыі, што гэта афіцыйная пазіцыя прадстаўніка ўкраінскай улады”.

“У праграмах дэпутат распаўсюджваў інфармацыю, якая сцвярджала ў масавай свядомасці меркаванне аб тым, што нібыта ўкраінская ўлада давяла краіну да поўнага краху, страты тэрыторый і людзей, і не можа дасягнуць міру. Таксама нардэп навязваў меркаванне, што Украіна ўжо не здольная перамагчы і павінна ісці на перамовы з Расіяй на любых умовах”, — гаворыцца ў рэлізе.

Парламентарый набыў і аформіў на сваякоў тры элітныя аўтамабілі агульным коштам 500 тыс. долараў.

Яго падазраюць паводле ч. 1 арт. 111 КК Украіны (дзяржаўная здрада). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле звестак ДБР, суд будуць прасіць абраць для дэпутата меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Шаўчэнка публічна падтрымліваў Лукашэнку і заклікаў прызнаць яго законна абраным прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года, калі дэмакратычныя краіны вынікі выбараў прызнаваць адмовіліся.

20 красавіка 2021 года ён прыязджаў у Мінск і сустракаўся з Лукашэнкам.

У тым жа годзе ён быў выключаны з фракцыі “Слуга народа” за кантакты з ім.

16 траўня начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Шаўчэнка выкарыстоўваўся Украінай для наладжвання камунікацыі з Лукашэнкам, і ён у гэтым “працэсе эфектыўны”.

“Спадар Шаўчэнка досыць даўно нам дапамагае. І ні разу не адмаўляў, калі мы звярталіся з пэўнымі просьбамі да яго”, — адзначаў начальнік ГУВ.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны. Улады ў Мінску пастаянна адмаўляюць удзел беларускага войска ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: