Мінск 13:54

Беларускі ПЭН: Каля 13% ад усёй колькасці палітзняволеных — дзеячы культуры

Крыніца: pixabay.com

15 лістапада, Позірк. На 31 кастрычніка 2024 года ў Беларусі не менш за 164 дзеячы культуры знаходзіліся ў няволі (каля 13% ад усёй колькасці палітзняволеных на гэтую дату). Аб гэтым гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭНа на Дзень пісьменніка ў няволі, які адзначаецца ў свеце 15 лістапада.

Гэты дзень прызначаны, каб “прыцягнуць увагу да лёсу пісьменнікаў, журналістаў і інтэлектуалаў, якія зазнаюць пераслед або знаходзяцца ў зняволенні за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання”.

Паводле звестак арганізацыі, у няволі застаюцца не менш за 38 людзей слова. Гэта “беларускія літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў”, якія былі затрыманыя, пераследуюцца ці асуджаныя на падставе палітычна матываваных абвінавачанняў за сваю дзейнасць або выказванне грамадзянскай пазіцыі.

Культурны сектар Беларусі цягам чатырох гадоў, падкрэсліваюць у арганізацыі, “асабліва пацярпеў”: дзеячы трапляюць пад цэнзуру і пераслед, шматлікія ўстановы былі зачыненыя, падзеі забароненыя, кнігі прызнаюцца “экстрэмісцкімі”.

Гэта “прыводзіць да парушэння фундаментальных правоў кожнага беларуса”, лічыць ПЭН.

Дзеячы культуры, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў, “зазнаюць жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, трапляюць у стан паслядоўных абмежаванняў, ціску, застаюцца без сувязі з сям’ёй і адвакатамі”.

Зняволеных пісьменнікаў, нагадваецца ў заяве, “перыядычна змяшчаюць у штрафны ізалятар на працяглыя тэрміны, дзе ім забаронена карыстацца нават паперай і асадкамі, чытаць кнігі”, іх “пакідаюць на самоце сярод голых сцен — што, безумоўна, з’яўляецца катаваннем для творчага чалавека”.

“Мы дакладна ведаем, што многія зняволеныя пісьменнікі пішуць творы ў турме, аднак ёсць факты знішчэння іх рукапісаў. На гэты момант няма магчымасці атрымаць гэтыя рукапісы і няма пэўнасці, што яны захаваюцца ў зняволенні. Безумоўна, гэта вялікая страта для беларускай літаратуры і грамадства”, — падкрэслілі ў ПЭНе.

Мастацкая і гістарычная літаратура пасля 2020 году ўвесь час папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

На 15 лістапада ў Беларусі 1.275 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі.

Падзяліцца: