Мінск 07:46

“Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны сэрвіс адпраўкі лістоў у месцы зняволення “Письмо.бел”

15 лістапада, Позірк. “Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны сэрвіс адпраўкі лістоў у месцы зняволення “Письмо.бел”, вынікае з абноўленага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі.

Каб скарыстацца сэрвісам, неабходна ўвайсці на сайт праз сацсеткі. Другі варыянт — пазначыць адрас электроннай пошты.

У Беларусі такія паслугі надае аказвае толькі “Майстэрня паштовак салідарнасці”. Ініцыятыва па перасылцы карэспандэнцыі палітвязням “Письма в клеточку” (“Лісты ў клетачку”) спыніла дзейнасць у верасні 2022 года.

Заснавальнікі “Письмо.бел” Ігар Углік і Аляксандр Лыкшын былі затрыманыя летась у снежні, у перыяд утрымання ў СІЗА прызнаваліся палітвязнямі.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, Лыкшын і Углік былі асуджаныя на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Акрамя “Письмо.бел ” у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены тэлеграм-каналы і чаты “Блёк воля”, “Heretic Camp -MZ/WJ official discography”, “Штабные крысы”; старонкі ў “Інстаграме” “bela.manc”, “belgium_razam”, “allboty”, “thewesternbattalion”, “_asadak_”, “yauhendrums”, “belarusiansdc”; старонка ў “ВКонтакте” “Эмиграция из Белорусского концлагеря”; сацсеткі праекта “Не твоя война”; ютуб-канал “Нашы Шортсы”; старонкі ў “Одноклассниках” “Bel.Lit”, “Незалежны прафсаюз РЭП”, “Свабода”; цікток-старонкі “chinovniktiktok”, “nedeshevka228”.

Падзяліцца: