Мінск 22:22

У паляка, які перавозіў мігрантаў з Беларусі да мяжы Германіі, канфіскавана зброя, наркотыкі, чужыя дакументы

Канфіскаванае ў затрыманага
Фота: Памежная варта Польшчы

15 лістапада, Позірк. У Польшчы 31-гадоваму мясцоваму жыхару выстаўленае абвінавачванне ў садзейнічаніі незаконнаму пранікненню мігрантаў з беларускай тэрыторыі, паведамляе Памежная варта краіны.

Грамадзянін дапамагаў перавозіць замежнікаў з Беларусі праз Польшчу да мяжы з Германіяй, яго затрымалі ў Лодзі супрацоўнікі памежнага паста Варшава-Модлін.

Падчас ператрусу канфіскаваная зброя, 33 патроны да яе, “значная колькасць” наркатычных сродкаў і два пасведчанні асобы, якія лічацца ў базах даных як згубленыя і прысвоеныя.

Паводле рашэння суда мужчына заключаны пад варту на два месяцы.

За два тыдні лістапада 2024 года суседнія краіны Еўразвязу спынілі амаль 700 спробаў пранікнення нелегальных мігрантаў з беларускай тэрыторыі, у тым ліку больш за 420 — у Польшчу, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак іх памежных службаў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: