Мінск 17:56

Ціханоўская: Беларусь і Латвію аб’ядноўваюць каштоўнасці свабоды і дэмакратыі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

18 лістапада, Позірк. Беларусь і Латвію аб’ядноўвае “не толькі агульная мяжа, але і гісторыя стойкасці, а таксама каштоўнасці свабоды і дэмакратыі”, адзначыла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 18 лістапада ў віншаванні з Днём абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х палітык падзякавала гэтай балтыйскай дзяржаве за падтрымку беларусаў на іх шляху да “лепшай будучыні для народа”.

Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні з гэтай жа нагоды адзначыў, што Беларусь “адчыніла для жыхароў Латвіі і ў цэлым для ўсіх людзей добрай волі свае дзверы і запрашае, нягледзячы ні на што, беражліва захоўваць звычайныя чалавечыя сувязі”.

Апошні раз Ціханоўская наведвала Латвію ў лістападзе 2023 года. У рамках візіту адбыліся яе сустрэча з прэзідэнтам гэтай балтыйскай дзяржавы Эдгарсам Рынкевічсам (да абрання ў траўні таго ж года ўзначальваў МЗС).

1 красавіка 2022 года падчас сустрэчы з Ціханоўскай у Таліне (Эстонія) Рынкевічс падкрэсліў, што Латвія “і надалей будзе выступаць за жорсткія эканамічныя санкцыі” супраць афіцыйнага Мінска. Палітык заявіў, што Латвія працягне дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасці “ў яе намаганнях па стварэнні свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

8 чэрвеня 2022 года падчас перамоў з Ціханоўскай у Рызе Рынкевічс заявіў, што беларускае грамадства можа разлічваць на доўгатэрміновую падтрымку Латвіі ў барацьбе за дэмакратычныя свабоды і захаванне правоў чалавека. Ён падкрэсліў, што патрабаванні аб вызваленні ўсіх палітзняволеных і правядзенні новых выбараў у прысутнасці міжнародных наглядальнікаў застаюцца ў сіле.

24 траўня 2021 года Рынкевічс і тагачасны мэр Рыгі Марціньш Стакіс замянілі на плошчы ў латвійскай сталіцы афіцыйны чырвона-зялёны сцяг Беларусі на гістарычны бела-чырвона-белы. У горадзе ў тыя дні праходзіў чэмпіянат свету па хакеі, і былі вывешаныя флагі краін-удзельніц.

Стакіс заявіў, што акцыя была праведзеная на знак салідарнасці з беларускім народам і пратэсту супраць прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс.

Пасля гэтага адбылася ўзаемная высылка латвійскіх і беларускіх дыпламатаў.

На Рынкевічса і Стакіса ў Мінску распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).

Падзяліцца: