Мінск 00:49

Ураджайнасць памідораў у цяпліцах зніжаецца шэсць месяцаў запар — Белстат

18 лістапада, Позірк. У студзені — кастрычніку 2024 года агуркоў і карнішонаў, якія растуць у абароненым грунце, нарыхтавана больш, а памідораў — менш, чым за аналагічны перыяд 2023-га, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У цэлым за дзесяць месяцаў вытворчасць агуркоў і карнішонаў павялічылася ў гадавым вымярэнні на 8,9% (з 38.130 да 41.508 тон): у Віцебскай вобласці — на 10,7% (з 8.867 да 9.815), Гродзенскай — на 12,5% (з 1.159 да 1.304), Мінскай — на 8,3% (з 14.857 да 16.085), Магілёўскай — на 72,2% (з 1.760 да 3.030), у Мінску — на 16,9% (з 1.341 да 1.568); у Брэсцкай вобласці знізілася на 4,5% (з 2.938 да 2.807), Гомельскай — на 4,3% (з 7.208 да 6.899).

Памідораў за названы перыяд выраблена на 7,3% менш (зніжэнне з 57.644 да 53.421 т): у Віцебскай вобласці — на 17,1% (з 8.426 да 6.989), Гомельскай — на 18% (з 2.804 да 2.300), Мінскай — на 4,1% (з 26.231 да 25.166), Магілёўскай — на 41,3% (з 3.743 да 2.196); у Брэсцкай вобласці вытворчасць вырасла на 3% (з 10.778 да 11.106), Гродзенскай — на 0,5% (з 3.719 да 3.738), Мінску — на 2,3% (з 1.943 да 1.927).

Ураджайнасць памідораў у цяпліцах зніжаецца з траўня, да гэтага па выніках студзеня — сакавіка і студзеня — красавіка адзначаўся рост.

Пытанне забеспячэння ўнутранага рынку айчыннай міжсезоннай прадукцыяй “будзе ў прынцыпе вырашана” на працягу некалькіх гадоў, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 7 сакавіка 2023 года па выніках наведвання цяплічнай гаспадаркі прадпрыемстве “ДарОрс”.

“Гадавыя аб’ёмы цяплічнай агародніннай прадукцыі істотна перавышаюць патрэбы ўнутранага рынку”, — сцвярджаў кіраўнік урада.

Разам з тым ён адзначыў, што ў асенне-зімовы, а таксама ранні вясновы перыяд, калі ёсць вялікі попыт, “не хапае ўласнай вытворчасці”. “Па агурках 40% мы закрываем, па таматах і таго менш”, — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, дэфіцыт на рынку закрывае імпарт з Расіі, Азербайджана, Турцыі, але застаецца пытанне цаны. “Усе мы адчуваем, наколькі ў міжсезонне кошты на агуркі і таматы пакусваюцца”, — прызнаў Галоўчанка.

21 снежня таго ж года Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па цэнах нагадаў, што вясной Саўміну была пастаўлена задача “вырашыць праблему з вырошчваннем плодаагародніннай прадукцыі ў міжсезонне”. Было прапанавана “пабудаваць больш цяпліц”, каб на працягу ўсяго года “можна было забяспечваць беларусаў сваёй гароднінай”. Аднак, заявіў Лукашэнка, урад вырашыў “паспрабаваць справіцца з гэтай задачай з найменшымі ўкладаннямі”.

Леанід Заяц, на той момант віцэ-прэм’ер, а цяпер член Савета Рэспублікі, на нарадзе адзначыў, што “на прылаўках айчыннай прадукцыі ў дастатковай колькасці”, а цэны, напрыклад, на агуркі знізіліся на 16,5% у параўнанні са снежнем 2022-га.

На гэта Лукашэнка заявіў, што людзей “хвалююць сённяшнія, а не леташнія кошты ў крамах”.

“Вырабіце гэтых агуркоў у дастатковай колькасці, — распарадзіўся ён. — Людзі хочуць, каб і ў Новы год яны былі таннейшыя. Я вам казаў: Пабудуйце яшчэ 10 цяпліц. Падумайце, што зрабіць. 10–15 гадоў таму я б так не казаў: дорага было — і газ, і нафта. Але зараз жа ўсяго хапае”.

Падзяліцца: