Мінск 21:45

Лукашэнка прапанаваў стварыць у Смаленскай вобласці “пляцовачку” па абслугоўванні тэхнікі МАЗ

Фота: minsk.deal.by

18 лістапада, Позірк. Сэрвісны цэнтр па абслугоўванні тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода прапанаваў стварыць у Смаленскай вобласці РФ Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Аб падтрымцы гэтай ідэі ён заявіў 18 лістапада на сустрэчы ў Мінску са смаленскім губернатарам Васілём Анохіным.

“Я не бачу праблем. Трэба там ствараць сэрвісны цэнтр. У адваротным выпадку навошта ім нашы МАЗы, калі мы не можам іх абслужыць. Хоць Беларусь побач, мы заўсёды падстрахуем. Але трэба, каб і там была гэтая пляцовачка”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у гэтым сэрвісным цэнтры “пажадана абслугоўваць і іншую беларускую тэхніку”.

“Што тычыцца абнаўлення парку пасажырскай тэхнікі, за апошнія два гады ў Смаленскую вобласць пастаўлена 55 аўтобусаў МАЗ. У тым ліку пастаўляецца электратранспарт. Гэта будучыня. Смаляне, як і беларусы, вымушаныя проста будуць гэтым займацца. У нас ёсць пэўныя кампетэнцыі. Трэба працаваць разам”, — прапанаваў Лукашэнка.

Тое ж самае, дадаў ён, датычыцца паставак дарожна-камунальнай тэхнікі.

За дзесяць месяцаў 2024 МАЗ рэалізаваў на расійскім рынку 362 новыя аўтобусы, што на 51,8% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (747). Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 10-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі. Доля на рынку склала 1,6%.

Адмоўная дынаміка продажаў адзначана і ў сферы продажаў грузавікоў. За дзесяць месяцаў беларускае прадпрыемства рэалізавала ў РФ 4.680 адзінак гэтай тэхнікі (за адпаведны перыяд мінулага года — 5.241; -10,7%). Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 7-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі (9-е). Доля на рынку склала 4,3% (4,2%).

У СМІ рэгулярна з’яўляюцца паведамленні аб узгараннях аўтобусаў МАЗ на расійскіх дарогах.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

На думку незалежных экспертаў, да ўзгарання беларускіх аўтобусаў можа прыводзіць няякасная зборка з прычыны недахопу камплектуючых з-за санкцый.

Падзяліцца: