Мінск 23:45

Ціханоўская з нагоды 1000 дзён вайны: Волю людзей, якія змагаюцца за свой дом, немагчыма зламаць

Святлана Ціханоўская
Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

19 лістапада, Позірк. “Волю людзей, якія змагаюцца за свой дом, немагчыма зламаць”, — заявіла Святлана Ціханоўская з нагоды 1000 дзён паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

“І я ганаруся, — падкрэсліла дэмакратычны лідар. — Ганаруся ўкраінцамі. І ганаруся беларусамі. Тымі, хто смела і самааддана стаў на абарону Украіны. Тымі, хто адмаўляецца выконваць злачынныя загады. Тымі, хто не верыць прапагандзе і вучыць дзяцей міру. Тымі, хто валанцёрыць і падтрымлівае ўкраінцаў. Беларусамі, якія ўжо 1000 дзён выступаюць супраць вайны”.

Ціханоўская выказала надзею, што ўжо хутка ва Украіне настане мір, але цяпер “замест цішыні — паветраныя трывогі і новыя разбурэнні”, “замест міру — новыя страты і бясконцае гора”.

Палітык адзначыла, што сама лічба 1000 дзён выклікае жах: “1000 дзён бесчалавечнай, жорсткай вайны. 1000 дзён разбурэнняў і страшных смерцяў. 1000 дзён болю, страху і злосці”.

Аднак “гэтыя 1000 дзён паказалі, колькі сілы ў людзях”, адзначыла Ціханоўская.

“І кожны з нас можа стаць часткай гэтай сілы. Няважна, што менавіта вы робіце: валанцёрыце, кажаце праўду, дапамагаеце суседу ці проста захоўваеце чалавечнасць там, дзе яе так не хапае. Кожны крок, кожнае намаганне — гэта ўнёсак у той дзень, калі над Украінай будзе чыстае неба”, — падкрэсліла дэмлідар.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

Падзяліцца: