Мінск 18:35

Пошук зніклых у Турцыі беларусак адновіцца заўтра раніцай

19 лістапада, Позірк. Пошук сясцёр Валянціны і Марыі Іванкавых у раёне горнага хрыбта Аладаглар каля населенага пункта Чамарды ў цэнтральнай частцы Турцыі быў перапынены ў сувязі з надыходам цемры і адновіцца “з першымі прамянямі сонца” 20 лістапада.

Пра гэта са спасылкай на інфармацыю кіраўніцтва турэцкага іля (правінцыі) Нігдэ, на тэрыторыі якога знаходзіцца Чамарды, паведаміла турэцкае выданне Haberturk, спаслаўшыся, у сваю чаргу, на звесткі агенцтва Anadolu.

Адзначаецца таксама, што, паводле інфармацыі беларускага консульства ў Турцыі, дзяўчаты прыбылі ў Нігдэ з Анкары 15 лістапада, каб заняцца альпінізмам, але з 18 лістапада, калі яны павінны былі вярнуцца ў турэцкую сталіцу, ад іх не паступіла ніякіх вестак.

У выратавальных работах 19 лістапада ўзялі ўдзел 4 чалавекі з пошукава-выратавальнай групы жандармерыі і 10 чалавек з упраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі.

Пра знікненне беларусак стала вядома днём 19 лістапада. Інфармацыю пацвердзіў МЗС Беларусі.

Падзяліцца: