Мінск 15:20

Інвестыцыі ў асноўны капітал за дзесяць месяцаў 2024 года выраслі амаль на чвэрць

20 лістапада, Позірк. За студзень — кастрычнік 2024 года ў асноўны капітал Беларусі ўкладзена 34 млрд рублёў — на 23,6% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (27,5 млрд), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 2,3 млрд рублёў (2 млрд; на 15% больш у гадавым вымярэнні), студзені — лютым — 4,7 млрд (4 млрд; +17,5%), у першым квартале — 7,8 млрд (6,7 млрд; +16,4%), студзені — красавіку — 10,9 млрд (8,9 млрд; +22,5%), студзені — траўні — 14 млрд (11,4 млрд; +49,1%), студзені — чэрвені — 18 млрд (14,9 млрд; +20,8%), студзені — ліпені — 21,5 млрд (17,6 млрд; +22,2%), студзені — жніўні — 21,5 млрд (20,6 млрд рублёў; +4,4%), студзені — верасні — 29,6 млрд (27,5 млрд рублёў; +7,6%).

24% інвестыцый прыпала на прадпрыемствы Мінскай вобласці (годам раней доля складала 24,6%). Далей ідуць Мінск — 21,1% (19,2%), Брэсцкая вобласць — 13,3% (15,4%), Гомельская — 12,7% (13%), Гродзенская — 10,2% (11,8%), Магілёўская — 9,1% (7,7%), Віцебская — 9% (9%).

У асноўны капітал прыватных кампаній укладзена 52,8% (50,6%) агульнага аб’ёму інвестыцый, дзяржаўных прадпрыемстваў — 42,5% (43%), замежных — 4,7% (6,3%).

У тэхналагічнай структуры лідарам стала сфера будаўніча-мантажных работ, на якую прыйшлося 48,2% (48,9%) інвестыцый. 40,1% (38,5%) укладанняў звязана з катэгорыяй “Машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі”.

Паводле звестак Белстата, за 2023 год у асноўны капітал было ўкладзена 35,7 млрд рублёў — на 28,4% больш, чым за 2022-ы (27,8 млрд).

Летась у рэальны сектар беларускай эканомікі замежныя інвестары ўклалі 7,7 млрд долараў. Асноўнымі інвестарамі сталі суб’екты гаспадарання Расіі (66,7% усіх інвестыцый) і Кіпра (14,7%).

Паступленне прамых замежных інвестыцый склала 5,8 млрд долараў (74,8% усяго аб’ёму паступленняў).

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, зацверджаных 2 кастрычніка 2023 года Аляксандрам Лукашэнкам, інвестыцыі ў асноўны капітал павінны павялічыцца на 3,9% (да 37 млрд).

Падзяліцца: