Мінск 20:33

МУС заявіў пра затрыманне махляра, які падмануў больш за 150 аўтааматараў на 400 тыс. рублёў

20 лістапада, Позірк. У Мінску затрыманы 41-гадовы ўраджэнец Баранавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць), ахвярамі махлярства якога пры продажы чужых аўтамабіляў стала больш за 150 чалавек, паведамляе ведамаснае выданне МУС “На страже”.

Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя як “махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры”, адзначаецца, што віну ён прызнаў.

Паводле даных следства, знаходзячыся ў Расіі, ён на працягу некалькіх гадоў размяшчаў у інтэрнэце аб’явы аб продажы чужых транспартных сродкаў, атрымліваючы за іх перадаплату. Памер перадаплаты вар’іраваўся ад 300 рублёў да 7 тыс. рублёў, агульная сума нанесенай шкоды ацэненая ў 400 тыс. рублёў (каля 118 тыс. долараў).

У публікацыі гаворыцца, што з патэнцыяльнымі кліентамі затрыманы меў зносіны “праз роўмінг з беларускага нумара”, а для перадаплаты “высылаў рахункі беларускіх банкаў”.

Характэрна, што некаторыя пакупнікі адпраўлялі адразу некалькі пераводаў. Напрыклад, жыхар Астраўца (Гродзенская вобласць) з дапамогай двух авансавых плацяжоў пералічыў ашуканцу амаль 7 тыс. рублёў за мікрааўтобус Iveco.

Затрыманы “старанна знішчаў сляды сваёй дзейнасці, да прыкладу, мяняў сім-карты, якіх у яго карыстанні было 143”, адзначае міліцэйскае медыя, таксама ён “стараўся пазбягаць камер назірання”.

Пошукі мужчыны вяліся паралельна з прыцягненнем да адказнасці грамадзян, якія згаджаліся “за невялікае ўзнагароджанне аформіць на сваё імя і перадаць затрыманаму банкаўскія або сім-карты”. Інфармацыя, якую прадаставіў адзін з гэтых людзей, стала асновай для ідэнтыфікацыі мужчыны, гаворыцца ў публікацыі.

МУС адзначае, што ўжо пасля затрымання падазраванага аналагічная схема атрымання перадаплаты за аўтамабіль была выкарыстаная іншым чалавекам. У выніку зберажэнняў пазбавіліся муж і жонка з Мінскага раёна, якія ў якасці перадаплаты перавялі за аўтамабіль амаль тры тысячы рублёў. Пасля гэтага сувязь з “прадаўцом” абарвалася.

Аператыўнікі аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Маскоўскага РУУС Мінска ўстанавілі, што сродкі былі пералічаныя на расійскі рахунак, а сім-карта выкарыстоўвалася ў Маскве ў роўмінгу.

Падзяліцца: