Мінск 16:36

Ціханоўская ўдзельнічае ў форуме Усходняга партнёрства ў Вене

20 лістапада, Позірк. З прывітальнай прамовай да ўдзельнікаў І саміту Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (EaP CSF Civil Society Summit) у Вене (Аўстрыя) 20 лістапада выступіць Святлана Ціханоўская, паведаміла “Позірку” яе прэс-служба.

У Вене запланаваныя сустрэчы Ціханоўскай з прадстаўніком Еўракамісіі ў пытаннях пашырэння і суседства Адрыен Кіралі, міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам і шэраг інтэрв’ю для СМІ.

Таксама палітык возьме ўдзел у мерапрыемстве АБСЕ, куды запрошаныя 30 членаў групы “сяброў Беларусі” і прадстаўнікі пяці краін, якія падпісалі Маскоўскі механізм па Беларусі.

У групу “сяброў дэмакратычны Беларусі” ў АБСЕ ўваходзяць 29 з 57 дзяржаў — членаў АБСЕ. Да адпаведнай заявы далучыліся Аўстрыя, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн, Малдова, Паўночная Македонія, Славакія, Украіна і Швейцарыя, якія не ўваходзяць у згаданы альянс.

23 сакавіка 2023 года АБСЕ паўторна запусціў у дачыненні да Беларусі Маскоўскі механізм. Адпаведную заяву падпісалі 38 краін. У дачыненні да Беларусі механізм АБСЕ запушчаны ў трэці раз, раней гэта адбывалася ў 2010 і 2020 гадах. Ён з’яўляецца інструментам чалавечага вымярэння, накіраваным на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека. Гэты механізм прадугледжвае стварэнне экспертнай місіі, у задачу якой уваходзіць ўстанаўленне фактаў і прадастаўленне кансультацый па магчымых рашэннях пастаўленых пытанняў.

Усходняе партнёрства — праект ЕС, які мае на мэце развіццё інтэграцыйных сувязяў з постсавецкімі краінамі: Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Беларускія ўлады прыпынілі ўдзел ва Усходнім партнёрстве ў чэрвені 2021 года ў адказ на новыя заходнія санкцыі, уведзеныя пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс, і арышту на той момант апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі, грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі.

Падзяліцца: