Мінск 04:28

У Беларусь з В’етнама экстрадаваны былы добраахвотнік на вайне ва Украіне Верамейчык

Скрыншот відэазапісу: Блок Пракоп'ева-Ягорава

20 лістапада, Позірк. У Беларусь дастаўлены былы добраахвотнік, які ваяваў на баку Кіева, 34-гадовы Васіль Верамейчык.

Кадры, на якіх яго выводзяць з самалёта ў мінскім аэрапорце, прадэманстраваныя ў прапагандысцкім фільме тэлеканала АНТ “Бесы. Як хочуць захапіць Беларусь” 20 лістапада.

“У рамках міжнароднага супрацоўніцтва на запыт КДБ у Беларусь дастаўлены Васіль Верамейчык, які адшукваецца па крымінальнай справе па факце дзейнасці так званага палка Каліноўскага, прызнанага ў Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй”, — заявіў начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

Паводле інфармацыі Блока Пракоп’ева-Ягорава ў Каардынацыйнай радзе, яго сябра Верамейчык быў затрыманы ў Хашыміне 13 лістапада.

“Паводле інфармацыі мясцовай паліцыі, атрыманай намі толькі 19 лістапада, ён быў экстрадаваны ў Беларусь ужо на наступны дзень — 14 лістапада. Пазней стала вядома, што аперацыю арганізаваў КДБ Беларусі, выкарыстаўшы ў якасці фармальнай прычыны затрымання бойку. Што пацвярджаецца і незвычайна хуткай экстрадыцыяй з В’етнама. У Беларусі Васілю Верамейчыку пагражае больш за 20 гадоў турмы ці нават смяротнае пакаранне”, — паведамляе палітычная структура.

“Мы аператыўна звярнуліся па дапамогу да міністэрстваў замежных спраў ЗША, Польшчы і Украіны. Галоўнай мэтай было высвятленне абставінаў справы і недапушчэнне магчымай экстрадыцыі ў Беларусь. Дзіўна, што практычна ніхто з мясцовых адвакатаў не згаджаўся ўзяцца за гэтую справу. Тыя, хто пагадзіліся, не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі ад паліцыі, якая адмаўлялася даваць любыя каментары”, – падкрэсліваецца ў каментары.

Інфармацыя не публікавалася ў СМІ на просьбу сваякоў, а таксама каб не прыцягваць увагу беларускіх спецслужбаў, “калі гэта не з’яўлялася іх аперацыяй”, сказана ў паведамленні.

Пазней КР стала вядома пра ператрусы, праведзеныя ў Беларусі ў сваякоў Верамейчыка.

Блок заклікаў “усю дэмакратычную супольнасць, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і кожнага неабыякавага чалавека прыкласці максімум намаганняў, каб прадухіліць пагрозу смяротнага пакарання Васіля Верамейчыка”.

Пра тое, што некалькі дзён таму ў адной з краін Азіі паліцыя затрымала беларуса — аднаго з былых байцоў, якія ваявалі на баку Украіны, паведаміла некалькімі гадзінамі раней Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў.

Перад гэтым інфармацыю пра затрыманне былога ўдзельніка вайны ва Украіне распаўсюдзілі незалежныя СМІ.

Падзяліцца: