Мінск 05:11

Рыжанкоў абвінаваціў Захад у “падрыўной працы” ў “адкрыта тэрарыстычных формах” і “юрыдычнай агрэсіі”

Фота: "Глас МИДа"

23 лістапада, Позірк. “Падрыўная праца” Захаду ў дачыненні да Беларусі “набыла зусім ужо адкрыта тэрарыстычныя формы”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў па выніках сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі 22 лістапада ў Брэсце.

“На працягу практычна ўсяго часу існавання беларускай дзяржавы, якая самастойна вызначае свой курс”, назіраюцца “спробы зрушыць кіраўніцтва краіны”, сказаў міністр на прэс-канферэнцыі.

Паводле яго сцвярджэння, раней гэта былі “больш за нейкія трэнінгі для ўмоўных змагароў за правы чалавека, якіх вучылі на прыкладзе падзей Югаславіі бузіць на вуліцах, нейкія акцыі ладзіць сацыяльнага непадпарадкавання з магчымым прымяненнем нейкіх падручных матэрыялаў”.

Аднак цяпер у Беларусі “сутыкнуліся з тым, што рыхтуюць канкрэтна тэрарыстаў-баевікоў, прычым з прыцягненнем самых нізкіх слаёў насельніцтва, нейкіх крымінальнікаў, людзей з нізкай сацыяльнай ацэнкай, людзей без сумлення і нейкіх гуманных прынцыпаў”, сцвярджае кіраўнік МЗС.

Ён лічыць, што за словамі аб дэмакратыі еўрапейскіх палітыкаў “стаяць цалкам недэмакратычныя механізмы рэалізацыі нейкай задачы, якія ў рэшце рэшт спалучаны з гвалтам, забойствамі, з нанясеннем шкоды інфраструктуры і канкрэтным людзям, а ў канчатковым выніку — да зніжэння дабрабыту і ўзроўню жыцця і ў цэлым сацыяльнага парадку” ў Беларусі і РФ.

“Што толькі не зробіш, каб атрымаць тут уладу і прымусіць беларускі народ ісці ў рэчышчы тых нейкіх памкненняў палітычных, эканамічных калектыўнага Захаду”, — сказаў Рыжанкоў.

Падводзячы вынікі пасяджэння калегіі, ён паведаміў, што знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі выпрацоўвалі стратэгію сумесных дзеянняў па процідзеянні санкцыям з выкарыстаннем міжнародных інструментаў абароны.

Таксама на мерапрыемстве абмяркоўваліся пытанні “юрыдычнай агрэсіі” ў дачыненні да Беларусі і Расіі” “з пункту гледжання выкарыстання неправамерных прававых інструментаў для аказання ціску з прыцягненнем прававых інстытутаў, якія знаходзяцца ў вялікай ступені пад кантролем калектыўнага Захаду”.

Рыжанкоў і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў сярод іншага падпісалі “Дэкларацыю Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі аб павышэнні ролі міжнароднага права і аб кіруючых прынцыпах, якія датычацца кваліфікацыі аднабаковых прымусовых мер у якасці супрацьпраўных, а таксама шляхоў і сродкаў процідзеяння, змякчэння і кампенсавання негатыўных наступстваў такіх мер” дакумент “Сумеснае бачанне Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі”, паведамляе МЗС Беларусі.

Падзяліцца: