Мінск 16:18

Беларуская мытня не дазволіла завезці з ЕС амаль 1,5 тыс. раслін без дэкларацыі

Фота: прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта

25 лістапада, Позірк. Супрацоўнікі Брэсцкай мытні спынілі спробу незаконнага ўвозу з Еўрасаюза “кветак, раслін і насення” на суму больш як 74 тыс. рублёў (каля 21,6 тыс. долараў), паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, парушэнне было выяўленае ў пункце пропуску Казловічы на мяжы з Польшчай пры праверцы грузавіка MAN. У суправаджальных дакументах было пазначана, што транспарт перамяшчае з Літвы “кветкі, расліны і насенне”. Аднак пры надглядзе высветлілася, што “ў аўто знаходзілася больш за 107 тыс. хрызантэм, гартэнзій, гіпеаструмаў, дыфенбахій, спацыфілумаў і іншых раслін, якія ў дакументах на тавар не значыліся”.

“За недэклараванне амаль 1,5 тон кветак і раслін Брэсцкай мытняй у дачыненні да літоўскага перавозчыка распачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 1 ст. 15.5 КаАП. <…> Санкцыяй артыкула прадугледжаны штраф у памеры да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння (у гэтым выпадку гэта да 22 тыс. рублёў)”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: