Мінск 16:39

Лукашэнку 28 лістапада чакаюць на саміце АДКБ у Астане, Арменія сустрэчу праігнаруе

Ілюстрацыйнае фота: odkb-csto.org (рэтуш — "Позірк")

26 лістапада, Позірк. Кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана, а таксама генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) возьмуць удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ 28 лістапада ў Астане, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу казахстанскага МЗС.

На саміт ваенна-палітычнага блока таксама запрошаныя генеральныя сакратары Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Чжан Мін.

Расійскае медыя звяртае ўвагу на тое, што прадстаўнікі Арменіі ў паведамленні пра будучую сустрэчу не ўзгадваюцца. Пры гэтым раней прэс-сакратар армянскага знешнепалітычнага ведамства Ані Бадалян заявіла агенцтву “Арменпрэс”, што кіраўнік МЗС Арарат Мірзаян не будзе ўдзельнічаць у сумесным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ.

Пастаянны прадстаўнік РФ пры АДКБ Віктар Васільеў паведаміў “РИА Новости”, што Арменія не будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах 28 лістапада, аднак Ерэван, паводле яго сцвярджэння, не пярэчыць, каб падрыхтаваныя дакументы былі прынятыя на пасяджэннях у “так званым абмежаваным фармаце”.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Ерэван замарозіў удзел і не выключыў магчымасці выхаду з АДКБ, абвінаваціўшы арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Азербайджанам. Саміт у Астане з’яўляецца другім, у якім афіцыйны Ерэван адмаўляецца браць удзел, першым было аналагічнае мерапрыемства ў Мінску 23 лістапада 2023 года.

Арменія не мае намеру вяртацца да стасункаў, якія існавалі да карабахскага канфлікту, заявіў кіраўнік армянскага МЗС Арарат Мірзаян 2 кастрычніка на Варшаўскім форуме па бяспецы.

У той жа час на пытанне, што перашкаджае выйсці з АДКБ, чыноўнік адказаў: “Я думаю, што ўсе мы мусім быць больш асцярожнымі”.

На II Сусветным армянскім саміце 18 верасня ў Ерэване прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што АДКБ стварае “пагрозы бяспецы”, а таксама “будучаму існаванню, суверэнітэту і дзяржаўнасці” краіны.

Напружаныя стасункі ў афіцыйнага Ерэвана з адным з членаў АДКБ — Беларуссю. 13 чэрвеня 2024 года Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў гэтую краіну, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Падзяліцца: