Мінск 17:33

Беларусь і Пакістан падпісалі дарожную карту “развіцця ўсебаковай супрацы”

Крыніца: pixabay.com

26 лістапада, Позірк. Дарожная карта “развіцця ўсебаковай супрацы” Беларусі і Пакістана на 2025–2027 гады падпісаная 26 лістапада ў Ісламабадзе па выніках перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і пакістанскага прэм’ер-міністра Шахбаза Шарыфа.

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, подпісы пад дакументам паставілі сустаршыні сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве — беларускі міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка і пакістанскі міністр гандлю Джам Камал Хан. З гэтага можна зрабіць выснову, што пагадненне скіраванае найперш на развіццё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

Паведамляецца таксама, што Мінск і Ісламабад заключылі “дагавор аб выдачы” і міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных зносінах. Паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Мытнай службай Федэральнага савета па даходах урада Пакістана падпісаны мемарандум аб супрацы пры абмене данымі мытнай статыстыкі ўзаемнага гандлю.

МНС Беларусі і Нацыянальнае ўпраўленне па барацьбе са стыхійнымі бедствамі Пакістана падпісалі мемарандум па пытаннях супрацы ў сферы прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) Беларусі і Падраздзяленне фінансавага маніторынгу пры ўрадзе Пакістана дамовіліся абменьвацца інфармацыяй, звязанай з легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам, прэдыкатнымі злачынствамі і фінансаваннем тэрарызму.

Пагадненне аб навукова-тэхнічнай супрацы падпісалі Нацыянальная акадэмія навук (НАН) Беларусі і Пакістанская акадэмія навук. Яшчэ адно пагадненне аб супрацы ў галіне навукі і тэхналогій НАН заключыла з Пакістанскай радай навукова-прамысловых даследаванняў.

У ліку падпісаных дакументаў — мемарандумы аб супрацы паміж КДК і Офісам генеральнага аўдытара Пакістана, Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі і Міністэрствам гандлю Пакістана, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Міністэрствам змянення клімату і каардынацыі навакольнага асяроддзя Пакістана, Цэнтрам экспертыз і аховы здароўя і Агенцтвам па рэгуляванні лекавых прэпаратаў.

Мемарандумы аб узаемаразуменні таксама заключылі Беларускі дзяржаўны цэнтр акрэдытацыі і Нацыянальны савет акрэдытацыі Пакістана, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і Нацыянальная камісія па прафесійнай і тэхнічнай падрыхтоўцы кадраў, ТАА “БелХаляль” і Пакістанскае ўпраўленне па пытаннях халяль.

Такім чынам, паводле інфармацыі беларускага боку, усяго падпісана 15 пагадненняў.

Лукашэнка наведвае Пакістан 25–27 лістапада. Перагаворы з Шахбазам Шарыфам прайшлі ў вузкім і пашыраным складах.

Падзяліцца: