Мінск 19:29

Старонка ў Х спэцамбасадара Літвы па Беларусі стала “экстрэмісцкай”, Ціханоўская бачыць у гэтым страх Лукашэнкі

Скрыншот старонкі Андрыяўскене ў сацсетцы Х

26 лістапада, Позірк. Кантэнт старонкі амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Літвы ў дачыненні да Беларусі Асты Андрыяўскене ў сацыяльнай сетцы Х прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Адпаведнае рашэнне 21 лістапада прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска, вынікае з абноўленага пераліку на сайце Міністэрства інфармацыі.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 26 лістапада адзначыла на сваёй старонцы ў Х, што “так званы “экстрэмісцкі” спіс працягвае расці, як і рэпрэсіі”. Гэта, на яе думку, з’яўляецца “відавочнай прыкметай страху” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

“Цяпер спіс уключае ў сябе больш за 6.500 пунктаў, траціна дададзеная ў 2024 годзе. Нават акаўнт у X амбасадара Літвы па асаблівых даручэннях у Беларусі Асты Андрыяўскене быў заклеймаваны “экстрэмісцкім”, — напісала палітык.

25 верасня вышэйзгаданы суд прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт старонкі ў Х Артура Міхальскага, які на той момант займаў пасаду ўпаўнаважанага польскага міністра замежных спраў па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Падзяліцца: