Мінск 05:29

Кіраўнікі МЗС краін G7 чарговы раз асудзілі рэжым Лукашэнкі за падтрымку расійскай агрэсіі і рэпрэсіі ў Беларусі

27 лістапада, Позірк. Міністры замежных спраў краін G7 (“Вялікая сямёрка”), а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль апублікавалі па выніках сустрэчы 26 лістапада ў Фьюджы (Італія) сумесную заяву, у якой у чарговы раз асудзілі дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

“Мы зноў асуджаем саўдзел беларускага рэжыму ў вайне Расіі супраць Украіны. Мы выказваем нашу нязменную заклапочанасць з нагоды рэпрэсій рэжыму ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды. Мы таксама асуджаем жорсткае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення”, — адзначаецца ў заяве.

У сумеснай заяве падчас штогадовага саміту, які праходзіў у італьянскім Брындызі 13–15 чэрвеня, краіны “Вялікай сямёркі” таксама асудзілі саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны і выказалі “занепакоенасць працягам рэпрэсій рэжыму [Лукашэнкі] у дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваё меркаванне”.

Адзначалася што “пад пільнай увагай” застаецца абыходжанне афіцыйнага Мінска з палітвязнямі. G7 запатрабавала іх “неадкладнага і безумоўнага вызвалення”.

19 красавіка на Капры (Італія) кіраўнікі МЗС краін G7 таксама згадалі Беларусь па выніках сустрэчы “Падтрымка Украіны”. У дакуменце міністры асудзілі саўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне Расіі супраць Украіны.

Беларусь згадвалася ў выніковай заяве ў сувязі з размяшчэннем на яе тэрыторыі ядзернай зброі, што аўтары назвалі часткай “безадказнай ядзернай рыторыкі Расіі і яе пазіцыі стратэгічнага запалохвання”. Яны папярэдзілі, што любое прымяненне РФ хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі будзе мець сур’ёзныя наступствы.

У 2024 годзе Італія старшынюе ў G7, куды ўваходзяць таксама Вялікабрытанія, Германія, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

Падзяліцца: