Мінск 02:39

Беларускі ксёндз Суша стаў лаўрэатам прэміі папскага фонду за працу ў сферы паліттэхналогій

Фота: vaticannews.va

26 лістапада, Позірк. Прападобны Раман Суша стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі Фонду Centesimus Annus Pro Pontifice за працу “Міфадызайн у эпоху лічбавых тэхналогій: этычнае і псіхасацыяльные даследаванне палітычных тэхналогій”, паведамляе партал vaticannews.va.

Адзначаецца, што даследаванне Сушы прысвечана “аналізу феномену міфадызайна як стратэгіі канструявання калектыўных ідэй”. Аўтар “прапануе разглядаць міф не як недасяжную ідэалізацыю легенд, а як інструмент сацыяльнага і культурнага праектавання”, гаворыцца ў паведамленні.

Суша адзначаны ў намінацыі “Міжнародная эканоміка і грамадства”, у якой узнагароджваюцца даследчыкі, чыя праца адрозніваецца “арыгінальнасцю, высокай якасцю вывучэння і прымянення сацыяльнага вучэння Касцёла”.

Прэмія будзе ўручаная ў Рыме.

Ксёндз Раман Суша нарадзіўся ў 1990 годзе ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і. Дзяцінства правёў у Каўнасе, а затым на радзіме бацькоў у Вілейцы (Мінская вобласць).

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску (Брэсцкая вобласць) (спыніла працу сёлета). Ступень магістра атрымаў у Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла II, доктарскую ступень — у Папскім Грыгарыянскім універсітэце.

Зараз Суша з’яўляецца выкладчыкам у Папскім універсітэце Святога Банавентуры (Рым). У Беларусі служыў у касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл; зачынены 26 верасня 2022 года паводле афіцыйнай версіі — на рамонт пасля пажару).

Фонд Centesimus Annus Pro Pontifice заснаваны ў 1993 годзе папам рымскім Янам Паўлам II з мэтай прасоўвання каталіцкай веры. Дзейнічае ў Апостальскім палацы — рэзідэнцыі папы ў Ватыкане.

Падзяліцца: