Мінск 03:47

Лукашэнка назваў Беларусь “надзейным і адказным партнёрам” дэмакратычнага Уругвая

27 лістапада, Позірк. Уругвай можа разлічваць на Беларусь “як на надзейнага і адказнага партнёра”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 лістапада Яманду Орсі з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у гэтай паўднёваамерыканскай краіне.

Паводле слоў віншавальніка, якія перадае яго прэс-служба, двухбаковыя адносіны павінны грунтавацца на “на аснове ўзаемаразумення і павагі дзеля эфектыўнай абароны незалежнасці дзвюх краін і падтрымання справядлівага светапарадку”.

“Суверэнны народ Уругвая прадэманстраваў высокі ўзровень даверу да курсу, арыентаванага на паслядоўнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і ўмацаванне яе міжнароднага аўтарытэту. Менавіта ў гэтым кірунку ў найбліжэйшыя пяць гадоў пойдзе дзяржава пад вашым кіраўніцтвам”, — гаворыцца ў віншаванні.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, дзейнасць новага прэзідэнта Уругвая “будзе спрыяць актывізацыі супрацоўніцтва Мінска і Мантэвідэа ў сферах узаемнай цікавасці, пашырэнню сумеснай працы на міжнароднай арэне”.

На выбарах прэзідэнта Уругвая Орсі прадстаўляў апазіцыйную левацэнтрысцкую кааліцыю “Шырокі фронт”. У другім туры ён набраў 50,2% галасоў. Прадстаўнік кіруючай Нацыянальнай партыі Альвара Дэльгада атрымаў 45,6% галасоў.

Уругвай з’яўляецца дэмакратычнай дзяржавай. У 2023 годзе ў глабальным рэйтынгу дэмакратыі, складзеным медыягрупай The Economist Group, краіна заняла 15-е месца (Беларусь — 151-е).

1 кастрычніка Лукашэнка прыняў даверчыя граматы амбасадараў дзевяці дзяржаў, уключаючы Уругвай.

На сустрэчы з дыпламатамі ён паўтарыў раней неаднаразова агучаныя антызаходнія наратывы.

“Для нас няма недружалюбных народаў і другарадных краін. Ведаю, што і да беларусаў ва ўсім свеце ставяцца з ветлівасцю і цеплынёй”, — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што “мірная, квітнеючая і суверэнная Беларусь у асобных заходніх палітыкаў выклікае раздражненне, якое перарастае ў прадузятасць”.

11 студзеня гэтага года паведамлялася, што Беларусь і Уругвай плануюць адмяніць візы на ўзаемнай аснове.

Падзяліцца: