Мінск 00:23

Палітзняволеная Шарэнда-Панасюк абскардзіць вырак, гэта ж мае намер зрабіць пракуратура — праваабаронцы

Архіўнае фота: "Позірк"

30 лістапада, Позірк. Паводле інфармацыі праваабарончага аб’яднання “Берасцейская Вясна”, апоўдні 13 снежня Гомельскі абласны суд разглядзіць апеляцыйную скаргу на вынесены паўтара месяца таму вырак палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк.

15 кастрычніка Станіслаў Іванюценка з суда Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) прыгаварыў жанчыну да аднаго года і аднаго дня пазбаўлення волі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Для Шарэнда-Панасюк гэта стаў трэці тэрмін на падставе такога абвінавачання.

Варта адзначыць, што ў раскладзе аблсуда на партале электроннага судаводства ў пазначаны дзень працэс па справе палітзняволенай не фігуруе.

Праваабаронцы са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамілі, што Гомельская абласная пракуратура таксама мае намер абскардзіць вырак Шарэнда-Панасюк. “Магчыма, пракуратура жадае надаць Паліне статус “небяспечнай рэцыдывісткі”. Таксама магчыма, што Паліну перавядуць на строгі рэжым утрымання”, — мяркуе “Берасцейская Вясна”.

Грамадская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў няволі з 3 студзеня 2021 года. Праз шэсць месяцаў пасля затрымання суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў яе да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года і кастрычніку 2023-га палітзняволеную прызнавалі вінаватай паводле арт. 411 КК, кожны раз дадаючы па годзе пазбаўлення волі.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў беларускія ўлады зрабіць тэрміновыя захады для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

На наступны дзень у эфір выйшла інтэрв’ю палітзняволенай дзяржаўнаму тэлеканалу “Беларусь 1”. Яна паведаміла, што звярнулася да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні.

Праваабаронцы заявілі, што Шарэнда-Панасюк можа выйсці на волю 21 траўня, аднак пасля стала вядома, што ў дачыненні да яе распачалі трэцюю крымінальную справу паводле арт. 411 КК.

Муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда раней паведамляў пра рэзкае пагаршэнне стану жонкі, у якой дыягнаставаны хранічны панкрэатыт — “вельмі сур’ёзнае захворванне, якое патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю ўрачоў”.

Падзяліцца: