Мінск 21:14

Абвінавачаны ў фальсіфікацыях Лукашэнка заявіў, што дзякуючы ЦВК выбары сталі інструментам сапраўднай дэмакратыі

4 снежня, Позірк. Абвінавачаны дэмакратычнымі краінамі ў фальсіфікацыях Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) з 35-годдзем яе існавання.

Паводле сцвярджэння аўтара паслання, з дня свайго ўтварэння ЦВК “актыўна ўключыўся ў працу па фармаванні інстытутаў народаўладдзя незалежнай беларускай дзяржавы, удасканаленні нацыянальнага заканадаўства, прававой асвеце грамадзян”.

“Шмат у чым дзякуючы вашым намаганням выбары ў Беларусі сталі інструментам сапраўднай дэмакратыі, галоўнай формай праявы суверэнітэту нашага народа, адлюстраваннем яго палітычнай волі. Няўхільнае выкананне законнасці ў дзейнасці Цэнтрвыбаркама спрыяе забеспячэнню палітычнай стабільнасці, захаванню грамадзянскага міру і згоды”, — заявіў Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба віншавальніка, ён “выказаў упэўненасць”, што “ўласцівыя калектыву ЦВК цвёрдасць перакананняў і адданасць роднай краіне, высокія прафесійныя і асабістыя якасці з’яўляюцца залогам новых здзяйсненняў на карысць Айчыны”. Што разумеецца пад “адданасцю роднай краіне”, у пасланні не расшыфроўваецца. Лукашэнка адкрыта прызнаваў, што лічыць краіну сваёй уласнасцю. “У мяне адзінае, што ёсць — гэта мая краіна. Я аддаў яе будаўніцтву ўсё сваё свядомае жыццё”, — заявіў ён у студзені 2021 года.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі маштабнымі і працяглымі пратэстамі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў перыяд мінулых прэзідэнцкіх выбараў, працягваюцца дагэтуль.

Гэта была апошняя кампанія, якую правяла 71-гадовая на дадзены момант Лідзія Ярмошына, якая ўзначальвала Цэнтрвыбаркам у 1996-2021 гадах. Яе прызначэнне на пасаду рашэннем Лукашэнкі супярэчыла Канстытуцыі. Упершыню трапіла пад санкцыі Еўрасаюза ў 2004 годзе. Цяпер уваходзіць у санкцыйны спіс ЕС праз фальсіфікацыі на выбарах 2020 года, нядопуск апазіцыйных кандыдатаў да ўдзелу ў выбарах і перашкоды працы незалежных назіральнікаў на ўчастках. У свае санкцыйныя спісы Ярмошыну ўключылі Вялікабрытанія, Канада, Швейцарыя, Украіны і іншыя краіны. ЗША ўнеслі Ярмошыну ў спіс спецыяльна пазначаных грамадзян і заблакаваных асоб.

“Я хачу, каб [экс-кіраўнік ЦВК] Лідзія Ярмошына не думала, што яе не чакае адказнасць за ўчыненыя злачынствы. Апраўдання ў дусе “ў мяне не было выбару, мяне прымушалі, я проста малявала лічбы” не прымаюцца”, — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка ў відэазвароце 28 верасня.

Пераемнікам Ярмошынай у ЦВК стаў былы міністр адукацыі, былы кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка.

ЕС увёў персанальныя санкцыі супраць Карпенкі ў чэрвені 2022 года. Карпенка, сакратар ЦВК Алена Балдоўская і яшчэ некалькі членаў камісіі ў сакавіку 2023 года трапілі пад санкцыі ЗША.

Падзяліцца: