Мінск 02:50

НАУ ініцыюе ўвядзенне санкцый у дачыненні да чатырох дзясяткаў суддзяў

Павел Латушка
Фота: НАУ

8 снежня, Позірк. Дасье на 40 суддзяў, якія выносілі ў Беларусі палітычна матываваныя прыгаворы, перададзеныя камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) для ўвядзення ў дачыненні да санкцый Еўрасаюза.

Пра гэта гаворыцца ў відэа, апублікаваным 8 снежня ў ютуб-канале НАУ.

У роліку названа 39 прозвішчаў, акцэнт зроблены на пяці суддзях.

Санкцыі прапанавана ўвесці супраць Веры Філонік (Брэсцкі абласны суд), на рахунку якой, як сцвярджаецца, не менш за 73 палітычна матываваных рашэнняў, у тым ліку 40 прыгавораў “толькі за адзін год”.

Філонік “судзіла нават дзяцей”, адзначаецца ў відэа, “менавіта яна асудзіла жанчыну за відэа вайсковай тэхнікі, накіравала 68-гадовага чалавека з інваліднасцю на пагібель”. У апошнім выпадку гаворка пра жыхара Ляхавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць), палітвязня Барыса Вітко, прыгаворанага за каментарыі да 7 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі. Паводле звестак праваабаронцаў, у няволі мужчына перанёс інсульт.

Таксама Філонік выносіла прысуды за ўдзел у акцыях пратэсту ў Брэсце і Пінску, па брэсцкай “справе карагодаў”.

Яна пакінула без зменаў пасля разгляду апеляцыі прысуд палітвязню Мікалаю Клімовічу. У яго было сур’ёзнае захворванне сэрца, 7 траўня 2023 года 61-гадовы мужчына памёр у віцебскай калоніі.

НАУ ініцыюе ўключэнне ў санкцыйныя спісы суддзі Мінскага гарадскога суда Анастасіі Папко. Паводле звестак арганізацыі, яна вынесла не менш за 85 палітычна матываваных прыгавораў “на дзясяткі гадоў” зняволення, у тым ліку шматдзетным маці і лідарам незалежных прафсаюзаў Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу, Вацлаву Арэшку.

У жніўні стала вядома аб памілаванні 74-гадовага Бераснева, раней паведамлялася, што яму патрабуецца перасадка адзінай ныркі.

Ірына Ланчава з Магілёўскага абласнога суда — таксама ў спісе НАУ. Сярод яе 51 палітычнага рашэння — прысуд у рамках адной справы да доўгіх тэрмінаў зняволення апазіцыйнаму палітыку Паўлу Севярынцу, каардынатару грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўгену Афнагелю, актывістам Андрэю Войнічу, Паўлу Юхневічу, Максіму Вінярскаму, відэаблогеру Дзмітрыю Казлову (Шэры Кот) і рэдактару тэлеграм-канала “Мая краіна Беларусь” Ірыне Шчаснай.

Акрамя гэтага, як заяўляе НАУ, Ланчава раней прыгаварыла маці траіх дзяцей да 4,5 года зняволення за “абразу Лукашэнкі і садзейнічанне т.зв. экстрэмісцкай дзейнасці”.

Абмежаванні ЕС прапанавана ўвесці ў дачыненні да Ірыны Прадун, старшыні суда Рагачоўскага раёна (Гомельская вобласць). Паводле звестак НАУ, яна датычная да не менш за 21 палітычна матываванага прыгавора. Сярод іншага Прадун асудзіла аднаго затрыманых да 2 гадоў зняволення за каментары ў сацсетках, да 1 года — “за сумны смайлік пад пастом пра Лукашэнку”.

Генадзь Мазайла (суд Ленінскага раёна Гродна) уключаны ў спісы за не менш за 20 “палітычных” прыгавораў, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўнікаў прадпрыемства “Гродна Азот”. Таксама ён прызначыў 3,5 гады пазбаўлення волі “за лайк”, гаворыцца ў апублікаваным відэа.

Прозвішчы яшчэ 34 суддзяў у суправаджэнні інфармацыі аб іх удзеле ў рэпрэсіях паказаныя ў відэашэрагу.

У пералік для ўвядзення санкцый уключаныя:

Яўген Брэган (Брэсцкі абласны суд, не менш за 95 палітычна матываваных рашэнняў), Ніна Шастак (Брэсцкі абласны суд, 37), Святаслаў Каліна (суд Ленінскага раёна Брэста, 83), Вадзім Мазоль (суд Пружанскага раёна, Брэсцкая вобласць, 19), Віктар Новік (суд Жабінкаўскага раёна, Брэсцкая вобласць, 6);

Аляксандр Абашын (Віцебскі абласны суд, 9), Сяргей Будрэвіч (суд Кастрычніцкага раёна Віцебска, 17), Міхаіл Юрчанка (суд Першамайскага раёна Віцебска, 60);

Ірына Уладыка (Гомельскі абласны суд, 24), Васіль Бягун (Гомельскі абласны суд, 14), Людміла Грынько (Гомельскі абласны суд, 12), Вячаслаў Калюка (Гомельскі абласны суд, 14), Віктар Казачок (суд Цэнтральнага раёна Гомеля, 39), Сяргей Кармановіч (суд Цэнтральнага раёна Гомеля, 46), Алеся Осіпава (суд Цэнтральнага раёна Гомеля, 44), Аляксандр Зінчук (суд Навабеліцкага раёна Гомеля, 16), Аляксандр Мохараў (суд Савецкага раёна Гомеля, 31), Яўген Шаршнёў (суд Чыгуначнага раёна Гомеля, 32), Наталля Качалава (суд Жлобінскага раёна, Гомельская вобласць, 35), Мікалай Сяргеевіч суд Жлобінскага раёна, 26), Святлана Лук’янава (суд Добрушскага раёна, Гомельская вобласць, 18), Пётр Цыганок (суд Чачэрскага раёна, Гомельская вобласць, 6), Галіна Гулевіч (суд Светлагорскага раёна, Гомельская вобласць, 15);

Віталь Сініла (суд Мастоўскага раёна, Гродзенская вобласць, 7);

Ала Скуратовіч (суд Фрунзенскага раёна Мінска, 129), Юлія Крэпская (суд Фрунзенскага раёна Мінска, 136), Алена Міснік (Мінскі абласны суд, 27), Ірына Майко (Мінскі абласны суд, 15), Таццяна Фалькоўская (Мінскі гарадскі суд, 41), Алег Каляда (суд Заводскага раёна Мінска, 54), Дзмітрый Астапенка (суд Заводскага раёна Мінска, 80), Юлія Шут (суд Ленінскага раёна Мінска, 189);

Юрый Блоцкі (суд Салігорскага раёна, Мінская вобласць, 17);

Наталля Панасенка (суд Ленінскага раёна Магілёва, 54).

“Гэтыя суддзі думаюць, што здолеюць застацца беспакаранымі. Яны спадзяюцца, што іх злачынствы застануцца незаўважанымі. А калі іх і заўважаць, то можна будзе апраўдацца тым, што яны проста выконвалі загад. Не, такія апраўданні не пройдуць. І не, пра іх памятаюць. Сёння іх справы ў распрацоўцы нашай каманды. І мы будзем рабіць усё, каб гэтыя асобы былі ўнесены ў санкцыйныя спісы”, — заяўляе НАУ.

“Санкцыі — гэта толькі першы крок, — адзначыў кіраўнік НАУ Павел Латушка. — Варта разумець: любое прававое рашэнне мае пад сабой абгрунтаванне. Фігурантамі становяцца не па ўказцы, за гэтым стаіць карпатлівая праца НАУ па зборы доказаў, падрыхтоўцы і перадачы дакументаў і пацверджанняў інстытуцыям, якія займаюцца ўвядзеннем санкцый. Санкцыйныя дасье на суддзяў, якія замаралі рукі ў палітычна матываваным пераследзе — гэта карпатліва і падрабязна сабраныя сведчанні. На кожнага фігуранта — свой кейс”.

“Гэтыя кейсы”, паводле слоў Латушкі, з’яўляюцца “задаткам на будучыню”, бо “ў будучыні яны будуць выкарыстаныя для разгляду крымінальных спраў”.

У відэа таксама паведамляецца, што на сёння персанальныя санкцыі ўведзеныя Еўрасаюзам у дачыненні да 261 фізічнай асобы ў Беларусі, сярод іх 60 суддзяў.

Падзяліцца: