Мінск 02:32

Лукашэнка для Пуціна вельмі танны партнёр, прылічваецца да ваенных выдаткаў — Ціханоўская

Крыніца: "Пул Першага"

11 снежня, Позірк. Аляксандра Лукашэнку і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна звязвае “сімбіёзнае сяброўства”, “яны патрэбны адно адному”, заявіла ў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню “Еўрапейская праўда” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Пуцін для Лукашэнкі з’яўляецца гарантам захавання ўлады. Без Пуціна Лукашэнка здолее пратрымацца месяц. Як толькі не будзе падтрымкі Пуціна, беларусы самі зробяць з Лукашэнкам усё, што патрэбна”, — адзначыла палітык.

Паводле яе слоў, Лукашэнка для Пуціна — “вельмі танны партнёр”. “Ён (Пуцін. — “Позірк”.) прылічвае Лукашэнку да ваенных выдаткаў. Таксама дзякуючы Лукашэнку ён можа абыходзіць санкцыі, уведзеныя супраць Расіі. Лукашэнка можа пастаўляць зброю, мікрачыпы альбо оптыку для расійскага войска, абыходзячы санкцыі”, — удакладніла Ціханоўская.

Самастойнасць, паводле яе меркавання, Лукашэнка мае “толькі ў рэпрэсіях супраць беларусаў”, а ў астатнім ён — “марыянетка Крамля”.

“І калі раптам ва Украіне хтосьці лічыць, што Лукашэнка незалежны, паглядзіце, як беспілотнікі, адзін за адным, да 150 беспілотнікаў на тыдзень, перасякаюць тэрыторыю Беларусі на шляху ва Украіну. І Лукашэнка гэта дазваляе”, — падкрэсліла яна.

На пытанне, як прэзідэнцкія выбары 2025 года паўплываюць на яе ролю, Ціханоўская адказала: “У 2020 годзе я атрымала ад беларусаў мандат на правядзенне сумленных, свабодных выбараў у Беларусі. І я павінна вытрымаць, пакуль такая магчымасць не з’явіцца”.

“Тое, што робіць Лукашэнка, не легітымізуе яго ні ў вачах беларусаў, ні ў вачах нашых заходніх партнёраў, і таксама, спадзяюся, у вачах украінцаў”, — дадала яна.

“Таму гэтае пераназначэнне Лукашэнкі ніяк не ўплывае на маю дзейнасць. Мы, як і раней, будзем працаваць над аслабленнем рэжыму Лукашэнкі, магчыма, таксама будзем аслабляць рэжым Пуціна і ўмацоўваць усё беларускае”, — сказала Ціханоўская.

Паводле яе пераканання, далучэнне беларускага войска да вайны немагчыма “на 100%”.

“Калі час ад часу я чую ад украінцаў, маўляў, Лукашэнка балансуе, Лукашэнка не дазволіў беларускай арміі напасці на Украіну… Але гэта не ён зрабіў, гэта беларусы зрабілі!” — заявіла дэмлідар.

Толькі 4% беларусаў, паводле яе слоў, падтрымліваюць удзел Узброеных сіл у вайне.

“І я не бачу такога развіцця падзей, каб беларускае войска далучылася да расійскага”, — адзначыла Ціханоўская.

Калі “будзе загад”, сказала яна, і “беларускае войска апынецца на ўкраінскай тэрыторыі”, то вайскоўцы “будуць здавацца ў палон, альбо будуць пераходзіць на бок Украіны, альбо хавацца ці ўцякаць з поля бою, толькі б не ваяваць з украінцамі”.

“Бо ў нас няма да ўкраінцаў такога стаўлення, якое ёсць у расіян, — падкрэсліла палітык. — Наадварот, украінцы нас вельмі натхняюць, пачынаючы з першага Майдана, другога Майдана і цяпер, калі вы паказваеце ўсяму свету, як можна змагацца”.

Падзяліцца: