Мінск 22:43

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Хіжняк не выдаткаваў на выбарчую кампанію ні капейкі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

14 снежня, Позірк. З канца лістапада прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі павялічылі сумы ў сваіх выбарчых фондах, але не ўсе спяшаюцца выдаткоўваць сродкі, сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Цэнтральнай выбарчай камісіі.

На рахунак Аляксандра Лукашэнкі да 11 снежня паступіла 626.060 рублёў (27 лістапада было 610.120; рост на 2,6%). За ўвесь час ён выдаткаваў 92.032,37 рубля — 14,7% усіх сродкаў, прычым за два тыдні паміж справаздачнымі датамі — усяго 698,63 рубля.

На другім месцы паводле сумы сабраных сродкаў старшыня лаяльнай рэжыму Лукашэнкі Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў, у яго на рахунку 34.370 рублёў (11.955; рост у 2,9 раза). Выдаткавана 20.060,94 рубля, або 58,4% (уся гэтая сума — за два справаздачныя тыдні).

Трэці паводле велічыні выбарчы фонд у лідара праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка — 24.760 (2.150; рост у 11,5 раза). Пры гэтым ад пачатку збору сродкаў ён не выдаткаваў з фонду ні капейкі.

Былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, кандыдат на пасаду прэзідэнта ў 2020-м Ганна Канапацкая прыцягнула ў свой фонд 19.210 рублёў (12.300; +56,2%). Яна практычна спустошыла рахунак, выдаткаваўшы 18.895 рублёў — 98,4% сабраных сродкаў (больш за палову — 10.895 — за два справаздачныя тыдні).

Менш за ўсё грошай паступіла ў выбарчы фонд лідара праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча — 6.470 (3.035; рост у 2,1 раза). Яшчэ да 20 лістапада ён выкарыстаў 140,88 рубля (2,2% сабранай да цяперашняга моманту сумы), з тых часоў выдаткаў не было.

Сыранкоў падаў у Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта 10 снежня. На наступны дзень гэта зрабілі Хіжняк і Гайдукевіч, а 13 снежня — Канапацкая. Фактам падачы неабходных папер яны прадэкларавалі, што сабралі не менш за 100 тыс. подпісаў за сваё вылучэнне.

Лукашэнка дагэтуль не здаў дакументы ў ЦВК, хоць кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты яшчэ 8 снежня заявіў, што за вылучэнне сабралі рэкордную колькасць подпісаў — 2,5 млн.

Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 22 па 31 снежня, на перадвыбарчую агітацыю адведзены перыяд з 1 па 25 студзеня 2025 года.

Сёмая прэзідэнцкая кампанія (асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года) праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы звяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: